Лепшых аратых Мінскай вобласці сёння выбралі ў Пухавіцкім раёне

22 октября 2015

Гаспадарам палёў не перашкодзіла дажджлівае надвор'е. І за званне сапраўднага прафесіянала пазмагаліся 24 чалавекі - лепшыя механізатары раёнаў. Як праходзіў конкурс - раскажа Аляксандр Харавец.

Гул магутных рухавікоў энерганасычаных трактараў і бляск плугоў… Сёння на адным з палёў Пухавіцкага раёна – тэст-драйв глебаапрацоўчай тэхнікі і майстар-клас ад лепшых аратых вобласці. Для Івана Шацілы праца па ўзворванні зямлі адначасова і адна з самых любімых і самых цяжкіх. Першыя ўрокі па кіраванні плугамі лепшаму механізатару Дзяржынскага раёна даваў яшчэ бацька. А сёння ён самастойна з лёгкасцю апрацоўвае больш за 20 гектараў за дзень.

Абласны конкурс аратых праходзіць трэці раз. Сёлета за званне лепшага ў сваёй справе змагаліся 24 механізатары. Кожны з іх – пераможца раённых спаборніцтваў.

Удзельнікі конкурсу павінны узараць па 8 сотак. Прычым хуткасць у гэтай справе далёка не самае галоўнае. У першую чаргу суддзі звяртаюць увагу на раўнамернасць працы кожнага корпуса плуга.

Паводле слоў аграрыяў, менавіта ад якасці ўзворвання поля залежыць будучы ураджай. Таму першая баразна павінна быць роўнай, без грэбняў і правалаў. Таксама ацэньваецца прамалінейнасць і глыбіня разоры.

За спаборніцтвам вопытных механізатараў сачылі і навучэнцы Мар'інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. У будучым іх праца таксама неадрыўна будзе звязана з зямлёй.

Увогуле ў Мінскай вобласці штогод узворваецца каля мільёна гектараў палёў. І атрыманне рэкордных ураджаяў магчыма толькі пры поўным захаванні тэхналогіі.

Пераможцы конкурсу атрымалі грашовыя ўзнагароды і дыпломы. Але ж самае галоўнае, паводле слоў саміх аратых, гэта каштоўны вопыт, які яны сёння набылі.