Лепшыя сацыяльныя работнікі з усіх рэгіёнаў краіны атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды

5 января 2017

Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень работнікаў сацыяльнай абароны. Са святам супрацоўнікаў сацслужбы павіншаваў Кіраўнік дзяржавы. А некалькі гадзін таму да віншаванняў у Доме прафсаюзаў далучыліся намеснік прэм'ер-міністра краіны Васіль Жарко, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна, міністр галоўнага сацыяльнага ведамства Валерый Малашка і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Арда. Ад імя ўрада дзяржаўныя ўзнагароды ўрачыста атрымалі лепшыя сацыяльныя работнікі з усіх рэгіёнаў краіны. Усяго ж у сталіцу прыехалі больш як 350 прадстаўнікоў галіны.

Валерый Малашка, Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі: "Міністэрства працы і сацыяльнай абароны - гэта не толькі сацыяльная дапамога, сацыяльная падтрымка, гэта і ўзровень даходаў насельніцтва. І сёння ў рамках даручэння Прэзідэнта мы вельмі шмат працуем над удасканаленнем аплаты працы бюджэтнай сферы, дзяржаўных чыноўнікаў. Гэта таксама такі дастаткова складаны механізм, які мы павінны сёння ўдасканаліць".

Людміла Сляпцова, дырэктар Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: "Напэўна, асноўная задача і прызначэнне чалавека, які прыходзіць у гэтую сферу, - гэта жаданне быць побач з чалавекам, якому патрэбная дапамога. Сёння вельмі шмат ільгот і гарантый даецца і маладым сем'ям, і людзям, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых сітуацыях. Гэта і розныя выплаты, сацыяльная падтрымка".

Штодня каля 40 тысяч сацыяльных работнікаў у Беларусі дапамагаюць інвалідам, пажылым, адзінокім людзям, а таксама шматдзетным сем'ям. Сёння ў краіне пастаянна працуе каля 150-ці цэнтраў сацабслугоўвання і 80-ці аддзяленняў дзённага знаходжання.