Хто атрымае выплаты да Дня Перамогі, як удасканальваецца сістэма сацыяльнага абслугоўвання ў Беларусі і на колькі вырастуць пенсіі з 1 мая?

26 апреля 2023

Клопат і сацыяльная абарона пажылых - адзін з асноўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі Беларусі. З падзякай ушаноўваем подзвігі і нашых ветэранаў. Колькі беларусаў атрымаюць выплаты да Дня Перамогі, як удасканальваецца сістэма сацыяльнага абслугоўвання і на колькі вырастуць пенсіі з 1 мая? На гэтыя пытанні ў інтэрв'ю дала адказ намеснік міністра працы і сацабароны Марына Арцёменка.

Штогод па рашэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да 9 Мая ветэранам і асобам, пацярпелым ад наступстваў вайны, выплачваецца матэрыяльная дапамога. Сёлета яе атрымаюць каля 10 тыс. чалавек. З дзяржаўнага бюджэту на гэтыя выплаты прадугледжана Br10 млн.

"Мінімальны памер дапамогі складзе 850 рублёў, максімальны памер - для інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны - 2 тыс. рублёў. Выплаты будуць праведзены з 26 красавіка па 4 мая", - расказала Марына Арцёменка. Парадак выплаты такі, як і пры атрыманні пенсіі: на банкаўскую картку, праз пошту або дастаўкай на дом у некаторых выпадках.

 

Патрэбнасці ў пажылых людзей розныя, таму акрамя матэрыяльнай дапамогі ёсць, напрыклад, догляд дома, які арганізуюць сацыяльныя работнікі або сядзелкі. Па словах намесніка міністра працы і сацабароны, у краіне такіх работнікаў налічваецца каля 14 тыс., а карыстальнікаў такімі паслугамі - 100 тыс.

Марына Арцёменка таксама расказала аб далейшым удасканаленні сістэмы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Будзе ўведзена сістэма даўгачаснага догляду (комплексны падыход у арганізацыі сацыяльна-медыцынскіх паслуг). У сістэму сацыяльнага абслугоўвання будуць уводзіцца і новыя формы абслугоўвання, напрыклад, дыстанцыйная.

Што да  пенсій, з 1 мая яны павялічацца на 5 %. "Гэта пенсіі па ўзросце, па страце карміцеля, працоўныя пенсіі і па інваліднасці. У цэлым сярэдні памер пенсіі непрацуючага пенсіянера складзе 705 рублёў. Але трэба адзначыць, што з 1 мая мы чакаем таксама і павышэнне бюджэту пражытачнага мінімуму. Бюджэт пражытачнага мінімуму таксама паўплывае і на рост памераў дзіцячых дапамог, асобныя віды дапамог будуць павялічаны: аднаразовыя дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, дапамогі жанчынам, якія своечасова сталі на ўлік у арганізацыю аховы здароўя, дапамогі на дзяцей, старэйшых за тры гады, і дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда", - удакладніла Марына Арцёменка.