Кампаніі Беларусі прапануюць інтэлектуальную барацьбу за вакантныя рабочыя месцы

18 февраля 2017

Віртуальны праект рэальнай будучыні - многія кампаніі Беларусі прапануюць маладым спецыялістам уступіць у сапраўдную інтэлектуальную барацьбу за вакантныя рабочыя месцы. Як прыклад - адно з буйных сталічных прадпрыемстваў сёлета пратэсціравала новую сістэму набору персаналу. Тут правялі конкурс праектаў сярод маладых інжынераў. Пераможца інтэлект-кастынгу ўжо атрымаў сваё першае рабочае месца ў гэтай жа кампаніі. Такім чынам маладыя людзі не давяраюць свой лёс выпадковаму размеркаванню, а самі знаходзяць для сябе працу мары. З сучаснымі тэндэнцыямі прафесійнага адбору пазнаёміўся Ян Пашкевіч.

Пакуль свае ідэі Аляксей Варанкоў выводзіць на 3D-палатне камп’ютарнага сімулятара - мадэль газаправода вёскі Буда Дзяржынскага раёна стала самай маштабнай для маладога інжынера. Творчая камбінацыя практычнасці і эканамічнасці праекта забяспечыла віртуальныя дамы цяплом, а свайго аўтара - першым рабочым месцам. Мадэль стала лепшай на рэспубліканскім конкурсе маладых праекціроўшчыкаў.

Сонечныя батарэі, ветракі і гідрагенератары - больш за 90 арыгінальных студэнцкіх ідэй і рашэнняў упершыню сабралі на буйным прадпрыемстве, якое займаецца праектаваннем сістэм газазабеспячэння. Конкурс стаў своеасаблівым інтэлект-кастынгам.

Інжынерная кар'ера Наталлі Лось пачалася на ўласнай кухні - разам з камандай энтузіястаў з БНТУ сабрала аўтаматызаваную блінніцу. І першы жа канструктарскі "блін" выйшаў не камяком. Многія прадпрыемствы, у тым ліку і замежныя, зацікавіліся не толькі ноу-хау, але і талентамі яго аўтараў. Ужо паўгода творчае трыа рэалізуе свае ідэі ў буйнрй электратэхнічнай кампаніі.

Удалыя кадры ў кампаніі ловяць пастаянна - кожны год новае месца працы тут знаходзяць як мінімум пяць студэнтаў.

А адна з апошніх распрацовак кампаніі і зусім знайшлася на старонках дыпломнай работы аднаго са стажораў.

Лепш за любое рэзюмэ для аўтара стаў вось гэты склад. Яго асаблівасць у тым, што тут працуе не кладаўшчык, а робат. Зараз я закажу яму пэўны тавар, машына паедзе па яго і прывязе да месца выдачы. Такое прыстасаванне можна прымяняць не толькі на прамысловых складах, але і ў звычайнай аптэцы.

Акрамя таго, гарантаваным першым рабочым месцам выпускнікоў ВНУ і каледжаў краіны забяспечвае дзяржава. "Забраніраваць" за сабой вакантныя месцы могуць не толькі бюджэтнікі. Студэнтам платнай формы навучання для гэтага трэба напісаць заяву ў дэканат. Летась сваё першае месца працы атрымалі больш за тысячу платнікаў.