Калекцыю з сямі сотняў фотаапаратаў і камер сабраў карэспандэнт з Наваполацка

16 октября 2017

На гэта пайшло больш як 30 гадоў. Асобнае месца на паліцах займаюць савецкія рарытэты. Большасць экзэмпляраў працуе па гэты дзень.

У руках Ігара Супранёнка сапраўдная фамільная каштоўнасць. Першае сямейнае фота было зроблена менавіта гэтай камерай. Рарытэт перайшоў па спадчыне ад дзеда. "Агфа" ідэальна захавалася. І зараз - частка вялізнай рэтра-калекцыі.

Каб сабраць калекцыю, спатрэбілася больш як 30 гадоў. Асобнае месца на паліцах займаюць савецкія фотаапараты: ФЭД, "Зеніт", "Зоркі". Іх тут некалькі сотняў. Большасць працуюць па гэты дзень - дастаткова паставіць плёнку.

Ігар Супранёнак гаворыць, што калекцыянерам сябе не лічыць. Ён - прафесійны фотакарэспандэнт. Шмат гадоў прысвяціў журналістыцы. Гэты нумар газеты мужчыну асабліва дарагі. Чорна-белая фатаграфія - яго аўтарства. 1977 год. У гэты час Ігар быў вучнем пачатковай школы. І ўжо тады вырашыў пайсці па слядах бацькі - прафесійнага фатографа.

Ігар Супранёнак, фотакарэспандэнт: "Вось гэта бацькаўскі архіў, я яго лічбую. Тут уся гісторыя Наваполацка. Асабліва каштоўнымі зараз з'яўляюцца кадры, якія раней не цаніліся. Будоўля, напрыклад. Можна адсачыць, як будаваўся Наваполацк".

Гэтыя насычаныя фатаграфіі зробленыя нядаўна. Прыгажосць беларускай прыроды Ігар Супранёнак аддае перавагу здымаць з вышыні птушынага палёту. Зараз працуе над маштабным праектам: за кожным краявідам хаваюцца падзеі вайны 1812 года.

Ігар Супранёнак, фотакарэспандэнт: "Вось, здаецца, прыгожы малюначак. А на гэтым месцы прайшлі войскі, вось па гэтай вузкай дарожцы".

Сын калекцыянера Уладзімір таксама захапляецца фатаграфіяй. Гаворыць, што камеру ўзяў у рукі нашмат раней, чым калісьці бацька. А гэтым летам дзеля эксклюзіўных кадраў нават перамог аэрафобію.

Магчыма, гэтыя восеньскія кадры калі-небудзь стануць часткай сямейнай выставы. Пакуль жа ва Уладзіміра іншая мара. Асвоіць экзэмпляры з рэтра-калекцыі. Але з выбарам фотаапарата яшчэ не вызначыўся. Варыянтаў некалькі сотняў. Падабраць прыдатны паабяцаў бацька.