Клімат у Беларусі ідзе да пацяплення

19 марта 2015

Лета ў Беларусі сёлета будзе спякотнае. Не раз тэмпература паднімецца да 30 градусаў. Пра тое, што чакае беларусаў у найбліжэйшыя месяцы, сёння метэаролагі распавялі нашым карэспандэнтам. Праўда, такія прагнозы папярэднія. У чым пакуль няма сумненняў, дык гэта ў тым, што клімат у Беларусі ідзе да пацяплення. За апошнія 10 гадоў сярэдняя гадавая тэмпература ў нашай краіне павялічылася больш як на адзін градус, і гэта вельмі істотна. Што адбываецца з надвор'ем і як глабальнае пацяпленне адбіваецца на Беларусі - рэпартаж Кацярыны Шыбко.

Прэс-канферэнцыю гэтым разам прысвяцілі тэме змены клімату. Менавіта гэтае пытанне прапанавала абмеркаваць краінам - удзельніцам Сусветная метэаралагічная арганізацыя. Гутарка, вядома ж, ідзе пра глабальнае пацяпленне. Гэтую тэндэнцыю пачалі назіраць яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя.

А вось у Беларусі пацяпленне стала відавочным толькі ў пачатку 90-х. За апошнія 10 гадоў сярэдняя гадавая тэмпература павялічылася на 1,2 градуса і зараз складае 7. Паводле слоў спецыялістаў, такое павелічэнне, на метэаралагічныя меркі, вельмі істотнае. На надвор'е ў нашай краіне ўплывае першым чынам Атлантыка. Ад яе і залежыць чаргаванне цыклонаў і антыцыклонаў.

Алена Камароўская, начальнік аддзела клімату Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Беларусі: "У нас пачалося вельмі выразна ў 1989 годзе, з вельмі цёплага года, які стаў адным з самых цёплых за ўвесь перыяд пацяплення. І адзіным халодным годам быў 1996, калі гадавая тэмпература была некалькі ніжэйшай за норму. Існуе некалькі сцэнарыяў гэтага пацяплення. Некаторыя нават гавораць пра пахаладанне".

Апроч тэмпературы, за апошнія дваццаць гадоў у Беларусі змянілася і колькасць дажджлівых дзён: іх стала менш роўна на 8. Праўда, наступны красавік, судзячы па ўсім, пойдзе насуперак гэтай тэндэнцыі: дажджоў прагназуюць больш за звычайнае. Улетку ж больш за звычайнае будзе гарачых дзён. Слупок тэрмометра не раз, прадракаюць метэаролагі, перасягне адзнаку +30.

Але гэта ўжо сапраўды вельмі загадзя. З дакладнасцю прадказаць надвор'е можна толькі на найбліжэйшыя пяць дзён. Такім чынам, у выхадныя чакаецца пахаладанне, магчымы нават мокры снег. Але ненадоўга. У аўторак ізноў усё зменіцца.

Што датычыцца прагнозаў найбліжэйшых, заўтра па-ранейшаму будзе цёпла. У некаторых рэгіёнах да 13 градусаў. Ідэальнае надвор'е, каб панаглядаць за дзіўнай прыроднай з'явай - сонечным зацьменнем. Гэта будзе самае незвычайнае відовішча за апошнія 10 гадоў. Сонца схаваецца за месяцам на 70%. Максімальнае перакрыцце чакаецца ў 13:06 і падоўжыцца ўсяго толькі 3 хвіліны.