ХХ Міжнародная турыстычная выстава. Другі дзень

6 апреля 2017

Беларусы працягваюць знаёміцца з навінкамі адпачынку гэтага года. Другі дзень у сталіцы праходзіць ХХ Міжнародная турыстычная выстава. Самыя папулярныя замежныя кірункі - курорты Балгарыі, Турцыі, Егіпта і Расіі. Як адзначаюць эксперты, на лідзіруючыя пазіцыі выходзяць і прапановы па ўнутраным турызме. Дарэчы, у Мінспорту зараз распрацоўваюць турыстычны брэнд Беларусі, які будзе звязаны з экалагічным адпачынкам.

Аляксандр Шамко, Міністр спорту і турызму Беларусі: "Такая работа будзе праведзена на працягу гэтага года, мы абавязкова выставім яе на агульны паказ, агульнае абмеркаванне, каб гэта было ўсенароднае меркаванне брэнда нашай краіны - гэта немалаважна. Мы павінны разумець, па чым пазнаюць нашу краіну, што вось гэты брэнд будзе сапраўды адпавядаць меркаванню ўсіх нашых людзей і ўнутры краін, і тых турыстаў, хто прыязджае да нас з блізкага і далёкага замежжа".

Павел Мазоўка, гаспадар аграсядзібы ў Мінскай вобласці: "Чаму прыязджаюць менавіта да нас у вёску? Таму што ў вёсцы экалагічна чыстае паветра, чыстыя прадукты. Мы пастаўляем прадукцыю з асабістай дапаможнай гаспадаркі - літаральна ўсё. Людзям гэта вельмі падабаецца. Побач лес, збіраюць ягады, грыбы. Што яшчэ трэба для здаровага адпачынку".

Нагадаем, наведаць выставу можна будзе да 8 красавіка. Яна праходзіць у "БелЭкспа".