Тадэвуш Кандрусевіч правядзе імшу ў Магілёве. Трансляцыю набажэнства будзе весці Белтэлерадыёкампанія

24 декабря 2018

Ва ўсіх касцёлах у гэтыя хвіліны ідзе апошняя падрыхтоўка да ўрачыстага набажэнства. Яно пачнецца бліжэй да паўночы. Заканчваецца каталіцкі пост і час пакаяння - Адвент, і па традыцыі Куцця пачынаецца з поснай вячэры разам з сям’ёй. Блізкія дзеляцца адно з адным аплаткай - сімвалічным хлебам, моляцца аб дабры і міры, пасля чаго ідуць на імшу ў касцёл, каб у сумеснай малітве сустрэць Раство Хрыстовае.

Святочныя набажэнствы пройдуць сёння ў 500 каталіцкіх прыходах нашай краіны. Кіраўнік беларускіх каталікоў Архібіскуп-Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч правядзе ўрачыстую імшу ў адным з найстарэйшых касцёлаў Беларусі - кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Магілёве. Трансляцыю набажэнства будзе весці Белтэлерадыёкампанія.