Капітальны рамонт сёлета чакае 289 жылых дамоў сталіцы

27 января 2016

Спіс аб’ектаў ужо складзены і размешчаны на сайтах адміністрацый раёнаў. Пасля такой мадэрнізацыі ў эксплуатацыю плануюць ўвесці 695 тысяч квадратных метраў жылля. Пэўныя работы, дарэчы, пачаліся ўжо на 89-ці аб’ектах.

Наталля Кузьміцкая прадоўжыць тэму.

Новыя вокны, дах і фасад. Па ўсіх прыкметах відаць: у доме нумар 20 корпус 1 па вуліцы Асаналіева нядаўна праведзены капітальны рамонт. Па бытоўках побач зразумела, што зараз будаўнікі працуюць у суседніх дамах.

У Кастрычніцкім раёне сёлета плануюць аднавіць 7 шматпавярховак. Усяго ж у Мінску ў спісе на капітальны рамонт сёлета 289 дамоў.

Згодна з праграмай, падчас капітальнага рамонту ў шматпавярхоўках мяняюць інжынерныя сеткі, дах, аднаўляюць фасады, балконы, а пры неабходнасці праводзяць і цеплавую мадэрнізацыю. Рамонт пад’ездаў і ўваходаў ажыццяўляецца за кошт жыхароў.

Па выніках восеньскіх аглядаў сфарміраваны спіс пад’ездаў, якім патрэбны рамонт. У 2016 годзе ў планах камунальшчыкаў аднавіць больш за 3,5 тысячы месцаў агульнага карыстання ў шматкватэрных дамах.

Найбольшую колькасць пад'ездаў сёлета адрамантуюць у Першамайскім і Заводскім раёнах горада. Між тым камунальныя службы гатовыя выконваць як планавыя работы, так і рамонт пад’ездаў па ініцыятыве жыхароў.

Канчатковы кошт рамонту разлічваецца пасля абследавання пад’езда і складання дэфектнага акта. Па жаданні жыхароў можна замяніць паштовыя скрыні, аднавіць, дзе неабходна, падлогу альбо абмежавацца касметычным рамонтам - афарбоўкай сцен і столі.