Якіх прэм'ерных паказаў чакаць гэтым летам - арт-паролі ў рубрыцы "Праменад"

14 июля 2023

Музычна-турыстычны сезон у мінскай Ратушы ангажуе не толькі меламанаў. Прапануюць і лікбез па культурнай спадчыне Беларусі з акцэнтам на карані аднаго магнацкага роду. Гучныя імёны беларускай арт-школы ўсмінаюць у Нацыянальным мастацкім. Палац мастацтва таксама жыве ў прэм'ерным рытме. Якія маршруты ўжо даступныя эстэтам і якіх прэм'ерных паказаў чакаць гэтым летам? Арт-паролі ў Дар'і Тарасавай у рубрыцы "Праменад".

Нацыянальны мастацкі працягвае даваць модныя ўрокі беларускім эстэтам і прапануе расфарбаваць свой гардэроб самымі растыражыраванымі палотнамі аўтараў нацыянальных і сусветных. Тут жа зноў гатовы выйсці з берагоў "Рэкі часу". Традыцыйнае спатканне з фондавымі далікатэсамі ўжо 20 ліпеня.

Рассакрэчвае фонды і знаёміць з юбілярамі. Да такога сюжэтнага павароту ў 17 раз апелюе Нацыянальны мастацкі. Кішчанка, Ахрэмчык, Шчамялёў - гэта толькі трыпціх з усіх аўтараў заяўленых у афішы. Дыялог з гледачом не толькі на мове абстракцыянізму і рэалізму. Да мантажу рыхтуецца і мастацтва ў аб'ёме. Профілі ў бронзе і гіпсе. Убачым і палотны, якія ўпершыню пакінулі фонды.

Сонечныя мазаікі ў гарадскіх ландшафтах - справа яго "пэндзля". Ракурсы аўтара "габелена стагоддзя" альбо тытана беларускага арта ў Палацы мастацтва. Менавіта Кішчанка стварыў падмурак, на якім мацуецца жывапісная і манументальная школа Беларусі. Сваім прыкладам даказаў,што можна нарадзіцца ў Расіі, але як ніхто адчуваць менавіта ноты гучання Беларусі.

І калі мастацкую траекторыю сховішча скарбаў дыктуюць яго ж ініцыялы. Музей гісторыі Мінска па праву першым анансуе праекты з паметкай прэм'ера да Дня горада. Чакаем экспазіцыйных навінак на Ракаўскай, выставачных эцюдаў з рэверансам да назваў вуліц беларускай сталіцы і нават музеефікацый. Ну а пралог свята будучага - фота-філіял рэзідэнцыі Радзівілаў. Віртуальны тур ужо разгарнуўся ў гарадской Ратушы.

Турнэ фігуранта спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА - апавяданне і пра тое, якія таямніцы захоўваюць шкатулкі магнацкага роду. Увогуле ў спісе абавязкова да прагляду - па версіі музейнай камісіі - тры дзясяткі планшэтаў. Навукова-даследчая праца выявіла і новыя старонкі біяграфіі Нясвіжскай скарбніцы. Разбіраць ДНК слуцкіх паясоў не толькі эстэтам сталічным, праект адправіцца на гастролі і ў рэгіёны.

Да дня нараджэння - у новых экспазіцыйных уборах. Дзякуючы філіграннай працы рэстаратараў - да вялікага юбілею Нясвіжа, у полі зроку і рарытэты з пазнакай "упершыню экспанат". У палацава-паркавым ансамблі такіх сабралася на дзевяць калекцый.

У італьянскіх мажорных інтанацыях. Такой будзе музычная субота на Свабоды, 23. Стратэгію сяброўства без межаў з геалакацыяй Беларусь - Італія тут упакуюць у канцэртную дыпламатычную праграму і прыправяць вакальнымі па ад Рэкарда Фарэзі. Такім быў арт-дайджаст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.