Якія бедствы прынёс цыклон "Філ" у Прычарнаморскім рэгіёне

27 ноября 2023

Прычарнаморскі рэгіён вось ужо суткі выпрабоўвае на трываласць стыхія. Метэаролагі паведамляюць, што цыклон "Філ" абрынуў на поўдзень Расіі і паўднёвы ўсход Украіны снег, дождж і небывалай моцы вецер. Дасталася ад непагадзі таксама турэцкаму, румынскаму і балгарскаму чарнаморскім узбярэжжам.

Аб набліжэнні цыклону жыхароў Прычарнамор'я папярэдзілі загадзя, аднак жахлівую моц будучага стыхійнага бедства ніхто сабе нават уявіць не мог. Дажджы і буры абрынуліся спачатку на паўднёвае ўзбярэжжа мора, якое старажытныя грэкі доўгі час звалі Понтам Аксінскім, гэта значыць морам Негасцінным. Турэцкі Ізмір пайшоў пад ваду, а вецер жангляваў людзьмі, як цацкамі.

Відаць, надвор'е вырашыла даказаць людзям, што яно можа быць прадказаным, але вось прадказальным ніколі. У Крыме хвалі ўздымалі свае грабяні на вышыню 15 м, а віхуры дасягалі хуткасці 150 км за гадзіну.

Вядома, што на паўвостраве і паўднёвых рэгіёнах Расіі без электрычнасці засталіся 2 млн чалавек. Праблема закранула нават даволі далёкі ад Крыма Дагестан. Ахвярамі стыхіі ў расійскім Прычарнамор'і сталі сама меней 4 чалавекі. З пансіянатаў і дамоў, размешчаных на беразе, прыйшлося трэрмінова эвакуіраваць людзей. Гіганцкія хвалі даставалі да будынкаў, што размешчаны даволі далёка ад берага.

Дзе-нідзе хвалі размылі чыгуначныя насыпы, а на крымскай чыгунцы надоўга захраснулі 15 пасажырскіх саставаў. Цыклон дабраўся і да Данбаса. У Данецкай вобласці былі пашкоджаны дзясяткі высакавольтных ліній, без электрычнасці засталіся паўмільёна чалавек.

Суседнім рэгіёнам Украіны таксама дасталося: у Адэскай вобласці разбураны дзясяткі будынкаў, назіраліся масавыя адключэнні электрычнасці. Адна з галоўных магістраляў, што звязвае рэгіён з Румыніяй, патанула ў снезе. Сотні аўтамабілістаў, якія захраснулі ў гурбах, больш чым суткі чакаюць дапамогі. У многіх скончылася гаручае, і жыццям людзей пагражае рэальная небяспека.

У Румыніі і Балгарыі выпала небывалая колькасць снегу. Ва ўнутраных рэгіёнах намяло гурбы ад метра і вышэй. На ўзбярэжжы панаваў моцны вецер: у Балгарыі без святла засталася тысяча населеных пунктаў, у Румыніі - больш за чатырыста.

Цыклон "Філ" рухаецца на поўнач у напрамку да Беларусі, расійскіх Курска, Бранска і нават Масквы. Але і Прычарнамор'ю палягчэння чакаць не варта, ужо ў сераду сюды зноў завітае атмасферны фронт, які прынясе з собой дождж са снегам і ўраганны вецер.