Да навучальнага года гатовыя

30 августа 2016

Усе ўстановы адукацыі ў Беларусі адпавядаюць супрацьпажарнай бяспецы. Асаблівая ўвага і школьнаму харчаванню. Навукоўцы распрацавалі рэкамендацыі для настаўнікаў і бацькоў. Наступным крокам стане павышэнне долі айчынных прадуктаў у навучальных установах. Усе за і супраць вывучыла Улада Карніцкая.

Некалькі клікаў мышкай - і меню адразу на два тыдні для ўсіх дзяцей гэтага дзіцячага сада гатовае. Акрамя таго, праграма самастойна сочыць за тэрмінамі прыдатнасці прадуктаў і нават лічыць калорыі. Стварылі разумную сістэму ў гэтым сталічным садку сем гадоў таму.

Складаную арыфметыку вось так проста сістэма лічыць амаль ва ўсіх садах краіны. Ёсць яна і ў школах. Прычым харчаванне ў сталовых для дзяцей сёння не толькі збалансаванае, але і разнастайнае. Увядзенне апошніх гадоў - школьнікі выбіраюць стравы самі.

Аляксандра Аляксеева, галоўны спецыяліст упраўлення Міністэрства адукацыі Беларусі: "Некаторыя ўстановы адукацыі працуюць па меню заўтрашняга дня, калі вывешваецца меню, і дзеці, якія атрымліваюць харчаванне за кошт аплаты бацькоў, могуць выбраць комплекс, які ім больш падабаецца. 4,5% устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі падаюць меню шведскага стала".

А яшчэ спецыялісты канстатуюць: нават з фастфудам у школьнай сталовай змагацца ўжо не прыходзіцца. Адгэтуль і дадатная статыстыка - за апошнія 10 гадоў самыя маленькія ў нашай краіне сталі амаль у паўтара раза радзей хварэць на гастрыт. Атлусценне наогул беларускім дзецям не пагражае - зараз выяўляецца толькі 1 выпадак на тысячу дзяцей.

Сёння, паводле звестак спецыялістаў, каля 25% неінфекцыйных захворванняў звязана менавіта з няправільным харчаваннем. Таму галоўная мэта навукоўцаў у гэтым інстытуце Акадэміі навук - распрацоўка прадуктаў для самых маленькіх і школьнікаў, усё выключна карыснае і пажыўнае. За апошнія гады такіх тут з'явілася тры з паловай сотні найменняў - ад тваражкоў і ёгуртаў да сокаў і пюрэ з гародніны.

На кожнай упакоўцы такога харчавання паставілі спецыяльную маркіроўку. Менавіта такі знак якасці, на думку навукоўцаў, павінен стаяць на ўсіх прадуктах у школьнай сталовай.

Алена Маргунова, намеснік гендырэктара НПЦ па харчаванні НАН Беларусі: "Калі гэта будуць сасіскі непасрэдна з маркіроўкай для дашкольнага і школьнага ўзросту, у якіх мінімальная колькасць солі, мінімальная колькасць кансервантаў, паніжаная колькасць дадаткаў, якія ўзмацняюць смак, водар, то адзін раз на 2 тыдні гэта не забараняецца".

Спецыяльныя пазнакі - толькі адзін з пунктаў рэкамендацый навукоўцаў, які зусім хутка можа стаць афіцыйным. А падставай для гэтай ідэі стаў маніторынг, які спецыялісты інстытута правялі ў некалькіх дзясятках школ. Высветлілі, што часцей за ўсё шкодныя для здароўя прадукты дзеці ядуць нават не на перапынках паміж урокамі, а дома.

Валерый Шылаў, начальнік аддзела НПЦ па харчаванні НАН Беларусі: "Аказваецца, што нездаровыя прадукты, такія як чыпсы, газаваныя напоі, даюцца дзецям проста з дзіцячага ўзросту. Але да чаго гэта вядзе, вы ведаеце, што пачашчаюцца выпадкі захворванняў".

У свеце няма адзіных стандартаў харчавання для школьнікаў. Напрыклад, у Японіі падчас абеду дзеці апранаюць белыя халаты і каўпакі і падаюць ежу сваім аднакласнікам.

У Францыі харчаванне дзяцей аплачваюць бацькі, і пры гэтым дзіця не можа нават выбраць асноўную страву - яна для ўсіх аднолькавая. Ланч-боксы - распаўсюджаная з'ява для Германіі, Канады і Польшчы. А беларускія спецыялісты лічаць, што даваць дзіцяці ў школу ежу з сабою - не лепшы варыянт. Бо невядома, дзе ён разгорне свой пакуначак з ежай і ці памые перад абедам рукі.