Да маштабнай рэспубліканскай акцыі "Беларусь памятае" далучыліся спартсмены

1 июля 2019

Адным з месцаў ускладання кветак стала ўрочышча Благаўшчына, дзе падчас Вялікай Айчыннай загінула больш за 200 тысяч мірных жыхароў. У мемарыяльным комплексе "Трасцянец" ушанавалі памяць на брацкай  магіле намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Баравуля, а таксама прадстаўнікі вольнай барацьбы, бокса і самба. У асноўным гэта падрастаючае  пакаленне, а таксама ўдзельнікі Еўрапейскіх гульняў барэц Уладзіслаў Андрэеў і баксёр Мікалай Шах. 

Аляксандр Баравуля, намміністра спорту і турызму Беларусі: "Вайна закранула кожную сям'ю. Хто са  сваякоў - дзядоў, прадзедаў -  хто ваяваў, хто загінуў, хто партызаніў... І праз спорт таксама трэба даносіць гэтую інфармацыю, каб памяталі пра той подзвіг, які здзейснілі нашы прадзеды, дзяды, дорачы нам такую спакойную мірную будучыню, у якой мы зараз жывём. І мы ўдзячныя ім за гэта".

Іван Янкоўскі, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету па вольнай барацьбе: "Калі вось тут паходзіш, пачытаеш на таблічках што было, як - і такія мурашкі па скуры,  быццам бы ставіш на месца сябе, у той час, вядома, гэта было складана. Тое, што мы змагаемся, гэта, вы ведаеце, даволі-такі, мне здаецца, лёгка, у параўнанні, праз што людзі прайшлі".

Валерый Карнілаў, галоўны трэнер зборнай Беларусі па боксе: "Натуральна, ад малога да старога - усе шануюць  памяць гэтых людзей, якія вызвалялі Беларусь. Гэта абавязкова. Ад малога дзіцячага ўзросту да старога шаноўнага людзі памятаюць гэтых людзей, якія загінулі пры вызваленні Беларусі, у нас уся зямля пакрытая помнікамі".

У акцыі "Беларусь памятае" прымуць удзел сотні спартсменаў, у тым ліку пераможцы і прызёры ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама пераможцы Алімпійскіх гульняў  Ала Цупер і Дар'я Домрачава.