Да 7 лістапада новыя сацыяльныя аб'екты

7 ноября 2014

Да 7 лістапада па традыцыі адкрываюцца і новыя сацыяльныя аб'екты. Доўгачаканай падзеяй для медыцыны і жыхароў сталічнага мікрараёна Брылевічы стаў сёння увод паліклінікі на 400 наведванняў за змену. Асаблівасць установы - камп'ютарызацыя ўсіх рабочых месцаў урачоў. І гэта не ўсе сённяшнія наваселлі Мінска. Гімназія-каледж мастацтваў адкрытая пасля рэканструкцыі. А ў парку Марата Казея з'явілася пляцоўка для вулічнага фітнесу.


Надзея Сербіненка расказвае. Пачаўся дзень падарункаў гораду з адкрыцця ў мікрараёне Брылевічы новай шматпрофільнай паліклінікі. Яна атрымала нумар 39. Установа аховы здароў'я разлічаная на 400 наведванняў у змену. Абслугоўваць паліклініка будзе больш за 20 тысяч дарослых жыхароў мікрараёна і 6 тысяч дзяцей - у педыятрычным аддзяленні. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі Міністр аховы здароўя Беларусі і новапрызначаны мэр сталіцы.


Пасля маштабнай мадэрнізацыі расчыніла дзверы Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў. За апошнія два гады тут поўнасцю аднавілі фасад, абсталявалі сучаснае поле для міні-футбола, зрабілі рамонт у навучальных класах і сталовай. Усяго на мадэрнізацыю было патрачана больш за 22 мільярды рублёў.


Зараз у гімназіі вучацца 573 таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Графіка, лепка, выцінанка, саломапляценне - свае ўменні гімназісты прадэманстравалі на вернісажы.


Побач з гімназіяй - імправізаваны пленэр. Дзевяцікласніца Дар'я - дызайнер-пачатковец - падзялілася сваімі думкамі наконт адноўленага фасада.


Для аматараў вулічнага фітнесу ў парку імя Марата Казея з'явілася новая пляцоўка. Варкаўт-комплекс другі ў горадзе. Усе турнікі сканструяваныя спецыяльна для гэтага віду спорту, падлога зроблена з удараўстойлівага матэрыялу.


Новы дзіцячы сад, два жылыя дамы, рэканструяваны Маладзёжны тэатр. Марафон лістападаўскіх падарункаў у сталіцы працягваецца.