З-за спякоты кветкі ў Мінску паліваюць па начах

12 июля 2021
Трапічная спякота паўплывала і на графік працы камунальных службаў сталіцы: у паліве раслін яны задзейнічаны амаль кругласутачна. І калі дрэвам ці кустам проста патрэбна дадатковая вільгаць, то кветкам яшчэ і асаблівы падыход. Каб далікатныя рознакаляровыя насаджэнні не атрымалі апёкаў ад выпарэння вады, іх паліваюць ноччу. Спецтэхніка выходзіць з 22:00 да 6:00. Толькі за адзін рэйс,  каб наталіць смагу бягоній, петуній і руж, трэба 9 тон вады. Такі асвяжальны кантрасны душ рымаюць кветкі як на адкосах, так і на раздзяляльнай паласе.

Ад пякучага сонца зараз пакутуюць не толькі расліны, але і дарожнае пакрыццё. Каб пазбегнуць дэфармацыі асфальту, яго астуджваюць. У першую чаргу палівальныя машыны курсіруюць па шырокіх праспектах і самых загружаных вуліцах. Ад гэтага залежыць не толькі якасць палатна, але і  бяспека вадзіцеляў і пешаходаў.