Гісторыя адкрывае новыя старонкі Вялікай Айчыннай вайны

27 июня 2014

Праз 70 гадоў з дня вызвалення гісторыя адкрывае новыя старонкі той вайны. Ёсць меркаванне, што адлік Перамогі пачынаецца з першых дзён - з пачатку саракавых. І ёсць факты, якія гэта пацвярджаюць. Магілёў, апеты Сіманавым за 23 дні гераічнай абароны, Расоны і Лепель у ліпені 1941-га… Але ёсць і старонкі амаль невядомыя. Мала хто чуў пра Жлобінскі контрудар, калі ў пачатку вайны фашысты на 30 дзён былі выбітыя з акупаванага горада.


На месцы тых падзей пабывала Наталля Бардзілоўская.



Сёння жлобінскі Днепр - прыстанак заядлых рыбакоў і месца адпачынку для купальшчыкаў. А 73 гады таму менавіта гэтая рака сыграла ролю прыроднай перашкоды ў контраперацыі савецкіх войскаў супраць фашыстаў. Ішоў тыдзень акупацыі Жлобіна. У руках немцаў знаходзіўся гэты стратэгічны вузел чыгуначных пуцей і шашэйных дарог, ад якога можна было бесперашкодна ісці да Смаленска, а там і да Масквы. Але нечаканая атака - у ноч на 5 ліпеня, перасоўваючыся ў апраметнай цемры, з-за Дняпроўя, перапраўляючы цяжкую артылерыю на плытах, на праціўніка пачаў абвальвацца ўдар 63-га стралковага корпуса.


У аперацыі ўдзельнічалі падпольшчыкі, партызаны і 63-і стралковы корпус Прыволжскай ваеннай акругі, які за тры дні да пачатку вайны, у яе прадчуванні, быў накіраваны на Захад. Паспеў дайсці да Буда-Кашалёва. Увайшоў у склад 21-й арміі і атрымаў загад стварыць абарончую мяжу ў раёне Жлобіна.


63-му стралковаму корпусу пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Леаніда Пятроўскага байцы вермахта далі мянушку чорны. Бо ў ўзброеных да зубоў гітлераўцаў, якія спачатку вайны ішлі на ўсход бліцкрыгам, наша невялікае па колькасці фарміраванне выклікала страх! Уявіце,13 ліпеня 1941 года ў фашыстаў быў адбіты Жлобін - стратэгічны кірунак. І горад утрымліваўся на працягу месяца.


Удумайцеся, у пачатку вайны горад быў вызвалены. Праціўнік адкінуты на 30 кіламетраў назад. На цэлых трыццаць дзён. І Жлобін, і за ім Гомель паспявалі эвакуіраваць насельніцтва, установы, прадпрыемствы і падрыхтавацца да вайны…


У памяць аб воінах, хай на кароткі час, але адолеўшых праціўніка, у цэнтры Жлобіна ўсталяваная стэла. Аб гераічным мінулым распавядаюць і каля 8 тысяч экспанатаў мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея.