Цікавыя падзеі заходняга рэгіёна

8 февраля 2020
У Астраўцы ўведзеная ў строй першая чарга раённай клінічнай бальніцы. 13 аддзяленняў, якія размешчаны ў трох карпусах, гатовы прыняць першых пацыентаў. Дзякуючы бязвізаваму рэжыму ў Гродне актыўна развіваецца медыцынскі турызм. І ў Слоніме правядуць масавую цеплавую мадэрнізацыю жылых дамоў. Пра гэтыя і іншыя цікавыя падзеі заходняга рэгіёна – далей ў дайджэсце.

Расказвае Юрый Карняловіч. Будаўніцтва рэгіянальнага медыцынскага цэнтра ў Астраўцы амаль завершана. У горадзе атамшчыкаў ужо адкрылі першую чаргу раённай клінічнай бальніцы. Першых пацыентаў прынялі 13 аддзяленняў, якія размясціліся ў трох карпусах. У тым ліку кардыялагічнае, акушэрска-гінекалагічнае і міжраённы цэнтр прамянёвай дыягностыкі. Цалкам будаўніцтва клінікі завершыцца ў ліпені гэтага года.

У Гродне актыўна развіваецца медыцынскі турызм. Госці з блізкага замежжа едуць у горад па даступнае і якаснае лячэнне. Толькі з пачатку года такія паслугі атрымалі больш за 400 чалавек. Гэта на 100 больш, чым за аналагічны перыяд 2019-га. Развіццё такога турыстычнага напрамку стала магчымым дзякуючы дзеянню на тэрыторыі рэгіёна бязвізавай зоны для грамадзян больш чым з 70 краін свету. Найбольш запатрабаванымі лічацца дыягнастычныя даследаванні, афтальмалогія і стаматалагічныя паслугі.

Слонім стаў першым горадам у Гродзенскай вобласці, дзе масава правядуць цеплавую мадэрнізацыю жылых дамоў. Работы запланаваны адразу на 250 аб’ектах. Праект міжнародны, у яго фінансаванні прымуць удзел Сусветны банк, Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Глабальны экалагічны фонд. Замена вокнаў і дзвярэй, уцяпленне цокальных памяшканняў, тэрмарэнавацыя, укараненне рэкуператараў цяпла – неабходнасць такіх работ будуць вызначаць самі ўласнікі кватэр. 

Будаўніцтва тэніснага цэнтра ў горадзе над Нёманам пачнецца ў красавіку бягучага года. Гэта будзе сучасны комплекс, у якім можна трэніравацца і праводзіць турніры на працягу ўсяго года. Таксама запланавана будаўніцтва шматлікіх дапаможных памяшканняў. У гродзенскай школе тэніса займаюцца 150 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. Выхаванцы не аднойчы станавіліся прызёрамі юніёрскіх рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. Першыя турніры на крытых кортах пройдуць ужо ў канцы 2020 года.