Інфармацыя павінна быць пад абаронай

11 июля 2013

Гэта лейтматыў сённяшняй канферэнцыі, прысвечанай інфармацыйнай бяспецы краін ва ўмовах глабалізацыі. У гэтыя хвіліны ў Мінску прадстаўнікі шасці дзяржаў СНД абмяркоўваюць пытанні, якія, мяркуючы па ўсім, цікавяць не толькі спецслужбы. Сёння кожны так ці інакш сутыкаецца з інфармацыяй, якую трэба захоўваць, перадаваць альбо знішчаць.


Расказвае Аляксандр Савенка. Інфармацыя павінна быць пад абаронай. Гэта лейтматыў сённяшняй канферэнцыі, прысвечанай інфармацыйнай бяспецы краін ва ўмовах глабалізацыі.


Сярод удзельнікаў канферэнцыі, а гэта прадстаўнікі шасці краін СНД, спецыялісты ў розных сферах: гуру юрыспрудэнцыі і эканомікі, следчыя і міліцыянеры. Усіх аб'яднала адна ідэя - абараніць інфармацыйнае поле і стварыць механізмы яго абароны. Мяркуючы па штодзённых зводках навін, абмеркаваць, сапраўды, ёсць што.


Андрэй Круцкіх, спецыяльны каардынатар па пытаннях палітычнага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, пасол па асобых даручэннях МЗС Расіі: Мінск арганізаваў, па-мойму, упершыню на тэрыторыі СНД такое буйное сур'ёзнае мерапрыемства па абмеркаванні самай прыярытэтнай і актуальнай праблемы, ад якой залежыць не толькі дзяржаўная бяспека ўсіх краін, а і кожнага з нас.


На думку навукоўцаў, кожныя 72 гадзіны колькасць усіх інфармацыйных звестак у свеце павялічваецца як мінімум удвая. Відавочна, што пры такіх тэмпах любой краіне разумна гаварыць як наконт абароны сваёй інфармацыйнай прасторы, так і наконт пратэкцыі ад знешняга ўздзеяння. Кожны сам за сябе - гэта сёння не актуальна. Засцярога павінна быць ва ўсіх сферах - палітыка, эканоміка, культура. Праблемы там ёсць, а вось вырашыць іх можна толькі сумеснымі намаганнямі.


Аляксандр Фёдараў, намеснік старшыні Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі: Асабліва яны актуальныя ў сувязі са стварэннем Мытнага саюза, Адзінай мытнай прасторы, калі ідзе свабодны абмен таварамі, а інфармацыя ўяўляе сабой таксама свайго роду тавар, то тут пытанні перасякаюцца з інтэлектуальнай уласнасцю.


Яшчэ адно меркаванне. У пагоне за тэхналагічнай пратэкцыяй многія забыліся пра чалавечы фактар. Прыкладаў шмат.


Асанж са сваімі выкрыццямі і сайтам WikiLeaks, што прагрымеў на ўвесь свет. Апошнія падзеі з амерыканцам Сноўдэнам, які аб'явіў аб гатоўнасці раскрыць дзяржсакрэты ЗША. Ад такіх няштатных сітуацый мала хто застрахаваны.


На думку спецыялістаў, сённяшняя канферэнцыя адна з самых маштабных, праведзеных за апошнія гады краінамі-ўдзельніцамі. Не выключана, што пасля яе заканчэння будзе створаны праект па змяненні заканадаўства ў сферы інфармацыйнай бяспекі Беларусі.