Галалёд заспеў знянацку

7 декабря 2016

Ад маштабных планаў   да спраў надзённых. Сёння па ўсёй краіне камунальныя службы   наводзілі парадак на дарогах. Толькі ў Віцебскай вобласці на ўборку вуліц ад наледзі выйшлі больш за 500 адзінак тэхнікі. І ўсё ж галалёд заспеў знянацку - шматлікія дарожкі і тратуары ператварыліся ў сапраўдную паласу перашкод для пешаходаў. Колькасць выпадкаў пераломаў або расцяжэнняў рэзка вырасла. З просьбай дапамагчы разабрацца ў слізкай праблеме жыхары паўночнага рэгіёна звярнуліся да нас на гарачую лінію Агенцтва тэленавін. Ацаніць сітуацыю адправілася Вольга Маслоўская.

За суткі амаль сотня зваротаў, больш як палова пацыентаў - ахвяры слізкіх вуліц. Урачы ведаюць: пачаўся самы траўманебяспечны сезон. Рэзкі перапад тэмператур, пад нагамі лёд, а ў анамнезе - расцяжэнні і пераломы.

Траўматолагі раяць: каб не стаць ахвярай галалёду, лепш знізіць хуткасць перамяшчэння і змяніць абутак. Гэта тычыцца як пешаходаў, так і аўтамабілістаў. Нягледзячы на тое, што дарогі і тратуары Віцебска ў галалёду адваёўвае цэлая армія дворнікаў - больш за 300 чалавек - і тры дзясяткі спецтэхнікі, выратавальныя дарожкі з пяску з'явіліся не ўсюды.

Інфармацыя, што ў Віцебску заліты два дзясяткі каткоў, састарэлая. Вуліцы нагадваюць адну вялікую лядовую арэну. Вось так выглядае цэнтр горада. Не прагулка, а квэст на выжыванне.

Тэлефон у дыспетчара гэтай дарожнай службы не змаўкае. На званкі імкнуцца рэагаваць аператыўна. Гавораць, аб'ёму пяску і солі, што ўжо зрасходавалі, звычайна хапала да сярэдзіны зімы.

Але як бы ні імкнуліся спецыялісты, надвор'е само рэгулюе сітуацыю на дарогах.  

На выпадак моцных снегападаў - снегаплаўны пункт. Першы ў Беларусі. Пакуль не моцна загружаны, але гатовы да працы. Снег перамолваецца і трапляе ў басейн, дзе пастаянна цыркулююць сцёкавыя воды. Растае амаль адразу - тэмпература вады нават у моцныя маразы тут не апускаецца ніжэй за 15 градусаў.

Пакуль снежная топка працуе ў эканомрэжыме - прымае не больш за 3-4 машыны за дзень. Падчас моцных снегападаў станцыя зможа апрацаваць снег з 300 напоўненых грузавікоў. А пакуль сіноптыкі прагназуюць адлігу. Ужо заўтра тэмпература з плюсам і слота.