Галоўнае дзяржаўнае свята краіны - Дзень Незалежнасці - напярэдадні адзначылі беларусы

4 июля 2020
Святочныя мерапрыемствы прайшлі па ўсёй краіне. Людзі збіраліся ў знакавых месцах, якія сімвалізуюць народную памяць, памяць Вялікай Перамогі і  свабоды нацыі. У сталіцы цэнтрам урачыстых падзей была плошча Перамогі. Менавіта тут адбылася кульмінацыя патрыятычнага шэсця "Беларусь памятае". Тысячы людзей прайшлі па праспекце Незалежнасці. Да іх далучыўся і Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Калону ветэранаў сустракаюць маладыя беларусы і разам з імі наш лідар. Само шэсце - сімвалічная эстафета памяці! Усё тое, што зроблена за гады незалежнасці, ад старэйшага пакалення сёння прымае моладзь. Ля Вечнага агню - 16-метровая гірлянда - як даніна памяці загінуўшым і павагі жывым героям Вялікай Айчыннай. 

Ставіць свабоду вышэй за сваё жыццё - вось сапраўдная гераічнасць. Гэтым і адрозніваецца беларуская нацыя ад шматлікіх іншых. І памяць аб гэтых людзях, аб іх ахвяры - гэта і ёсць тая самая народная памяць, якой ганарыцца кожны чалавек у нашай краіне. Каштоўнасць міру як ніколі востра адчуваецца менавіта зараз. У той час як самыя розныя канфлікты ўспыхваюць тут і там па ўсёй планеце, важна разумець, чаго вартыя той спакой і незалежнасць, якія беларусы заваявалі занадта высокай цаной. 

Памяць пакаленняў - гэта калі ў адным страі, рука аб руку ідуць ветэраны, тыя, хто паднімаў краіну з руін, а таксама моладзь. Галоўнае - каб яны ведалі і памяталі, чаму 3 ліпеня - такі важны для кожнага з нас дзень. Галоўныя героі гэтага дня - ветэраны. Па традыцыі пасля ўрачыстай часткі Прэзідэнт з імі цёпла пагутарыў, пажадаў усім шчасця, поспеху і здароўя. 

Тут жа, ля манумента Перамогі, Прэзідэнта віталі шматлікія жыхары сталіцы, якія прыйшлі на ўрачыстасць. Кіраўнік дзяржавы таксама павітаў іх, павіншаваў са святам, сказаў цёплыя словы... У гісторыі не кожнага народа ёсць такая Вялікая Перамога. Падстава для гонару, смутку і памяці. Падстава прынесці кветкі да падножжа абеліскаў, збудаваных у гонар сапраўдных герояў. 3 Ліпеня - наша галоўнае свята свабоды і незалежнасці.