ДАІ ва ўзмоцненым рэжыме сочыць за дарожнай сітуацыяй ля навучальных устаноў

28 августа 2018

У Беларусі перад пачаткам новага навучальнага года Дзяржаўтаінспекцыя ва ўзмоцненым рэжыме сочыць за дарожнай сітуацыяй ля навучальных устаноў. Правяраюць выкананне правіл паркоўкі, наяўнасць разметкі і асвятленне. Дарэчы, для бяспекі юных пешаходаў зменяць і канструкцыю праездаў. Аляксандра Кавеліч больш падрабязна.

Тэрыторыя ля гэтай сталічнай школы больш нагадвае вялікую стыхійную паркоўку. Машыны літаральна заблакіравалі праезд для спецтэхнікі. Таму зараз адпраўляюцца на штрафстаянку.

Напярэдадні новага навучальнага года Дзяржаўатаінспекцыя ва ўзмоцненым рэжыме маніторыць дарожную сітуацыю ля навучальных устаноў. Правяраюць не толькі выкананне вадзіцелямі правіл паркоўкі, але і наяўнасць разметкі і знакаў, каб дарога школьнікаў да дома была максімальна бяспечнай.

Дадатковае асвятленне і асаблівая канструкцыя праездаў. Для бяспекі юных пешаходаў таксама ўдасканальваюць арганізацыю дарожнага руху ля гімназій і школ. Адно з ноу-хау апрабавАлі на сталічнай вуліцы Азізава.

Аўтамабільная дарога тут прама ля выхаду з тэрыторыі школы. Каб вучні маглі перасячы яе бяспечна, усталявалі спецыяльныя бетонныя астраўкі. Прыпаркаваць аўто ля пешаходнага перахода проста не атрымаецца. Гэта значна паляпшае бачнасць і для вадзіцеляў, і для пешаходаў.

Яшчэ адзін пілотны праект сёлета рэалізуюць ля 10-ці навучальных устаноў. Прадухіліць няправільную паркоўку дапамогуць спецыяльныя агароджы, а таксама пікап-зоны для высадкі пасажыраў.

Пазначаць такія месцы будуць асаблівыя дарожныя знакі. А вось кантраляваць іх выкананне змогуць нават бацькі і настаўнікі - з дапамогай анлайн-дадатку можна будзе зарэгістраваць парушэнне. Больш уважліва будуць сачыць і за хуткасным рэжымам - на ажыўленых магістралях ля школ усталююць мабільныя камеры.