ДАІ праводзіць маштабную акцыю па папярэджанні аварый з удзелам матацыклістаў

2 мая 2017

Каб распачаць сезон без парушэнняў, ДАІ праводзіць маштабную акцыю па папярэджанні аварый з удзелам матацыклістаў. Адзначым, толькі з пачатку года ў сталіцы адбыліся чатыры ДТЗ з удзелам байкераў, у якіх адзін чалавек загінуў, яшчэ тры атрымалі траўмы. Што становіцца прычынай такіх аварый і як зменяцца правілы атрымання катэгорыі “А”? Аляксандр Харавец працягне тэму.

Сяргею Чугунову за 7 гадоў байкерскага стажу не раз даводзілася сустракацца з інспектарамі ДАІ. Аднак яго вадзіцельскі талон заўсёды застаецца без праколаў. Сакрэт - у выкананні правіл, прызнаецца матацыкліст. А яшчэ вопыт. Чаго не заўсёды хапае навічкам на двухколавых.

Паводле слоў вопытных байкераў, менавіта на другі сезон навічкі часцей за ўсё трапляюць у аварыі. Прычына - у самаўпэўненасці. Акрамя таго, матацыкл сёння далёка не раскоша, а даступны для многіх транспарт. Таму ў аўташколах - небывалы ажыятаж на атрыманне катэгорыі “А”.

Ілону Шчарбакову падштурхнула прыйсці ў аўташколу… месца пасажыра на матацыкле. На працягу двух сезонаў яна ездзіла на байку, трымаючыся за мужа. Курсантка прызнаецца, вопыт кіравання аўто дастатковы, аднак кіраваць матацыклам - зусім іншая справа. Яшчэ адну катэгорыю плануе адкрыць у чэрвені. Аднак больш за ўсё баіцца выязджаць у горад.

У такім выпадку інструктары па кіраванні раяць навічкам ездзіць на матацыклах, магутнасць якіх не большая за навучальныя.

Сёння атрымаць пасведчанне на кіраванне матацыклам можна за месяц. Аднак гэтага не хапае для ўпэўненай язды на гарадскіх вуліцах, сцвярджаюць спецыялісты. Падчас экзаменаў курсанты здаюць толькі 2 элементы кіравання на пляцоўцы. Тэарэтычнае выпрабаванне чакае тых, у каго няма вадзіцельскага пасведчання на аўто або трактар.

Паводле слоў інспектараў ДАІ, атрымаць катэгорыю “А” стане больш складана. Так, прыём практычнага экзамену ў курсантаў будзе праходзіць у два этапы. Па-першае, практычны іспыт на пляцоўцы ўскладняць новымі элементамі, па-другое - байкерскае пасведчанне выдадуць толькі пасля таго, як курсанты прадэманструюць сваё майстэрства ў рэальных гарадскіх умовах.

Аднак дакладных тэрмінаў у змене здачы экзаменаў спецыялісты пакуль не называюць. Таму інспектары ДАІ чарговы раз нагадваюць вадзіцелям быць узаемна ветлівымі на дарозе.

З пачатку сезона ў сталіцы матацыклісты чатыры разы траплялі ў аварыі. Адзін байкер загінуў. Яшчэ чатыры чалавекі трапілі на бальнічны ложак. Інспектары ДАІ ўпэўнены: добрая дарога давядзе з пункта А ў пункт Б толькі ў тым выпадку, калі прытрымлівацца правіл.