ДАІ папярэджвае: з 1 снежня толькі зімовыя шыны

30 ноября 2015

Менш чым суткі да наступлення каляндарнай зімы, але яе сюрпрызы беларусы ўжо адчулі на сабе. Снег і парывісты вецер змяніліся дажджом, што яшчэ больш ускладніла сітуацыю на дарогах. Зводкі несуцяшальныя: за мінулыя выхадныя каля тысячы аварый. Дарэчы, да заўтрашняга дня ўсе вадзіцелі абавязаны змяніць летнюю гуму.

Ці гатовыя да зімы камунальныя службы і ўдзельнікі дарожнага руху - высвятляў Аляксандр Харавец.

Гэтай недарэчнай і ў той жа час страшнай аварыі пад Мінскам магло б і не здарыцца, калі б вадзіцель БМВ прыслухаўся да прагнозаў сіноптыкаў і ўлічыў дарожныя ўмовы. Пры разгоне машыну занесла, яна вылецела ў кювет. Пры гэтым аўто закранула яшчэ аднаго вадзіцеля, які ў гэты час на абочыне чысціў свой "фальксваген" ад снегу.

Толькі за мінулыя выхадныя на дарогах краіны адбылося больш за дзевяць з паловай сотняў аварый. У іх пацярпелі 45 чалавек. 7 ужо не вярнуць. У ДАІ складаную сітуацыю на дарогах звязваюць з тым, што шматлікія вадзіцелі яшчэ не настроіліся на зімовы спосаб кіравання.

Сёння апошні дзень, калі вадзіцелі могуць ездзіць на летняй гуме. Заўтра ўсе машыны павінны перайсці на зімовую. ДАІ папярэджвае, што парушальнікаў чакае штраф. Правіла дзейнічае да 1 сакавіка.

Першае выпрабаванне зімой для камунальных служб не стала сюрпрызам. На ўборку снегу толькі ў сталіцы выйшлі амаль 2 сотні адзінак спецтэхнікі. Дарэчы, для барацьбы з галалёдзіцай у Мінску назапасілі звыш 5 тысяч тон пясчана-саляных сумесяў.

І ўсё ж сапраўдная зіма ў нашай краіне затрымаецца ненадоўга. Паводле слоў сіноптыкаў, ужо заўтра слупкі тэрмометраў зноў папаўзуць уверх. У першы зімовы дзень чакаюцца дажджы з мокрым снегам і парывістым ветрам.

Дзмітрый Рабаў, начальнік службы Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі: "Пераважаць, вядома, будзе дождж. Каб снежнае покрыва лягло на нейкі доўгі час, у найбліжэйшы час чакаць не прыходзіцца. Тое снежнае покрыва, што зараз ёсць, яно ў большасці раёнаў растане, бо будзе плюсавая тэмпература паветра. Ападкі будуць ісці ў асноўным у выглядзе дажджу".

Зрэшты, і ўвесь снежань, паводле слоў сіноптыкаў, будзе анамальна цёплым. Сярэдняя тэмпература першага месяца зімы будзе на 2-3 градусы вышэйшай за кліматычную норму. Так што гурбы ў лепшым выпадку ўбачым пасля Новага года.