"Фактар.by" пакінула Таццяна Прахарэнка

14 января 2023

"Фактар.by" шосты раз выйшаў у прамы эфір 13 студзеня. Канцэрт атрымаўся вельмі эмацыйным, бо яго прысвяцілі бацькам. Гледачы наблізіліся да пяцёркі фіналістаў, увайшлі ў іх асабістую прастору.

Кожны артыст распавёў сваю гісторыю ўзаемаадносін з мамамі і татамі. Першае аддзяленне прамога эфіру было камерным. І справа не ў мінімалістычным рашэнні нумароў - фіналісты выконвалі кампазіцыі без дадатковых пастановак і спецэфектаў. Песні гаварылі за артыстаў.

Не абышлося і без імклівых пераўтварэнняў. У другім песенным блоку фіналісты выканалі хіты, якімі натхняліся іх бацькі. Тэлегледачы на пару гадзін перамясціліся ў прасторы: засталі часы хіпі, падпявалі рок-хітам і запальвалі ў стылі дыска. Атрымалася стыльна і сапраўды па дэталях эпохі.

На кожным эфіры колькасць фіналістаў скарачаецца. Па выніках галасавання гледачоў, за права працягнуць свой шлях на шоу змагаліся падапечныя Руслана Аляхно і Сярогі. Абодва зорныя настаўнікі рызыкавалі адзінымі артыстамі ў сваіх камандах. Песні за жыццё на праекце ацэньвалі члены журы.

Пасля працяглай дыскусіі лёсавызначальнае рашэнне прыняла Вольга Бузава. Шоу пакінула Таццяна Прахарэнка - салістка аркестра Гомельскай абласной філармоніі.

 

Чатыры фіналісты працягваюць барацьбу за права стаць пераможцам шоу "Фактар.by" Наперадзе новыя выпрабаванні і новыя падножкі прамога эфіру. Да суперфіналу застаецца два тыдні. 27 студзеня даведаемся, каму дастануцца лаўры трыумфатара праекта, прычым выбар зробяць тэлегледачы.