Два святы сёння спраўлялі ў Сноўскай сярэдняй школе

1 сентября 2015

Пры падтрымцы гаспадаркі “Сноў” адразу 5 маладых спецыялістаў атрымалі жыллё ў аграгарадку. Ва ўрачыстай абстаноўцы навасельцам уручылі ключы ад асобных пакояў у Доме маладога настаўніка. Наталля Кузьміцкая ацаніла ўмовы для жыцця і працы.

Сноўская сярэдняя школа - адна з лепшых у раёне. Па веды сюды едуць дзеці не толькі з суседніх вёсак, але і мікрараёнаў.

Сёлета за парты сядуць 426 дзяцей. Да сустрэчы з імі ў школе рыхтаваліся загадзя і вельмі старанна.

Рыхтаваліся ў школе прыняць не толькі вучняў, але і новых настаўнікаў. Не сакрэт, што галоўная праблема падчас працаўладкавання маладых спецыялістаў у вёсцы - гэта забеспячэнне новых кадраў жыллём. Сёлета ў Сноўскай школе гэта пытанне знята.

Дом маладога настаўніка з'явіўся тут літаральна за 4 месяцы на месцы былога дзіцячага інтэрната, які доўгі час пуставаў. Сёння тут маладыя настаўнікі маюць усе ўмовы для добрага адпачынку і падрыхтоўкі да заняткаў.

Ужо заўтра настаўніца фізічнай культуры Вольга Марчык зменіць святочную сукенку на спартыўную форму. Сёння ж яна прымае віншаванні і знаёміцца з суседзямі. Разам з ёй у настаўніцкі дом заехалі яшчэ 4 маладыя спецыялісты.

У Доме настаўніка 6 асобных пакояў, адзін пакуль пустуе. Пакоі размеркаваны на двух паверхах. На кожным ёсць кухня і асобны санвузел.

Для таго, каб маладыя спецыялісты не толькі адпрацоўвалі размеркаванне ў камфортных умовах, але і заставаліся тут на ўсё жыццё, у аграгарадку актыўна ідзе будаўніцтва жылля. Літаральна праз месяц завершацца працы па рэканструкцыі сталовай, і на яе месцы з’явіцца дом на 20 кватэр. І яшчэ дзве новабудоўлі плануецца здаць да канца года.