Старажытныя прылады працы вяртаюцца ў дамы жыхароў Мінскай вобласці

1 ноября 2016

Паабедаць за панскім сталом або адпачыць на ўтульным матрацы з саломы можна ў аграсядзібе Старадарожскага раёна. Прапаноўваюць азнаёміцца з побытам дзевятнаццатага стагоддзя і мясцовыя музеі.

Наш карэспандэнт Ян Пашкевіч на дзень адмовіўся ад сучасных гаджэтаў і аддаў перавагу старадаўнім прыладам працы. Стол з панскага маёнтка, ложкі з сялянскай хаты і салдацкі куфар: хоць у большасці рэчаў гэтай аграсядзібы гарантыйны тэрмін і скончыўся стагоддзі таму, але на пенсію яны яшчэ не збіраюцца. Старажытныя прылады працы і побыту жыхароў Старадарожскага раёна самі ажываюць у руках чулага гаспадара, які ўдала стварае з іх аўтэнтычныя інтэр'еры.

А ў вёсцы Прусы Старадарожскага раёна пра мінулыя гады будуць распавядаць не толькі маўклівыя экспанаты – тут мясцовыя жыхары нярэдка ладзяць сялянскія фэсты. Сплесці ільняныя ніткі або збіць масла – праз такія старажытныя побытавыя квэсты тут прапаноўваюць здзейсніць вандроўку ў эпоху сваіх прадзедаў.

Тут жа ў музеі ўсё можна паспрабаваць у працы, напрыклад, мы спецыяльна распалілі гэты прас, такім жа нашы продкі прасавалі адзенне або тканіну. Але каб ён нагрэўся да неабходнай тэмпературы, трэба вельмі шмат часу, таму паспрабуем у дзеянні яшчэ адну прыладу - яна называецца каталка.

Уладзімір Цвірко ведае біяграфію амаль кожнага прадмета даўніны са сваёй велізарнай калекцыі. У двух невялікіх дамах-музеях - звыш паўтары тысячы экспанатаў з розных эпох і мясцін. Толькі зараз большасць з рарытэтаў паўстаюць перад наведвальнікамі ў незвычайным выглядзе: старажытныя бочкі сталі падстаўкамі для парасонаў, а выкаваныя цвікі пераўвасобіліся ў арт-кампазіцыю.

Ёсць у доме і свая рэстаўрацыйная майстэрня – тут Уладзімір ставіць свае творчыя эксперыменты, каб атрымаць новыя ўдалыя дызайнерскія рашэнні. Такія этнамузеі ствараюць у кожным раёне Мінскай вобласці. Захоўваючы традыцыі і аўтэнтычныя прылады працы, яны становяцца своеасаблівым жывым падручнікам па гісторыі роднага краю.