Дзіцячы сад "Прыступкі дзяцінства" адкрылі ў Калодзішчах

16 декабря 2021

Важны аб'ект у сістэме адукацыі цэнтральнага рэгіёна і вялікае наваселле для Мінскага раёна. Сёння ў пасёлку Калодзішчы ўрачыста адкрылі яслі-сад № 4. "Прыступкі дзяцінства" -  так называецца ўстанова - размясцілася побач са школай,  таксама новабудоўляй. Садок разлічаны на 230 месцаў, і тут максімум магчымасцяў для выхавання, адукацыі і заняткаў фізкультурай. Плаваннем дзеці будуць займацца ў басейне.  Акрамя таго, ёсць трэнажорная, музычная і камп'ютарная залы, а таксама рэсурсны цэнтр па фінансавай пісьменнасці. Працуюць настаўнікі-дэфектолагі і псіхолагі. У падарунак навасёлы атрымалі адразу два сертыфікаты на куплю абсталявання. 

Сімвалічна і тое, што садок адкрылі ў перыяд правядзення навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". Паводле слоў кіраўніцтва Мінскай вобласці, такі курс на будаўніцтва новых сацыяльна значных аб'ектаў працягнецца. 

У найбліжэйшы час у Калодзішчах узвядуць і буйныя гандлёвыя аб'екты. А сярод чарговых навагодніх прэм'ер Мінскага раёна і фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам у пасёлку Міханавічы.