Дзень Незалежнасці Віцебск адзначае з размахам

3 июля 2016

Некалькі тысяч чалавек сёння сабраліся на плошчы Перамогі ў Віцебску. Жыхары паўночнай сталіцы аддалі даніну павагі подзвігу савецкіх воінаў-вызваліцеляў і павіншавалі адзін аднаго з Днём Незалежнасці. У гэтыя хвіліны ўрачыстыя мерапрыемствы праходзяць ва ўсіх кутках абласнога цэнтра.

І на сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт у Віцебску Марына Раманоўская (прамое ўключэнне).

Дзень Незалежнасці Віцебск адзначае з размахам. Урачыстыя мерапрыемствы праходзяць адразу на некалькіх адкрытых пляцоўках па ўсім горадзе.

Адной з самых характэрных падзей Дня Незалежнасці стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі двойчы Гераю Савецкага Саюза, кавалеру сямі ордэнаў Леніна - маршалу Савецкага Саюза Івану Баграмяну. Памятны знак у гонар камандуючага Першым Прыбалтыйскім фронтам усталявалі на шматпавярховым доме ў цэнтры Віцебска.

Свае падарункі да свята падрыхтавалі народныя майстры, мастакі, музыканты. На працягу дзвюх гадзін музыку ў стылі рэтра іграў духавы аркестр.

Для аматараў больш актыўнага адпачынку ўвесь дзень працуюць атракцыёны, арганізаваны спартыўныя гульні і экскурсіі на цеплаходах па Заходняй Дзвіне.

Увечар свята прадоўжыцца на плошчы Перамогі. Пасля вялікага канцэрта жыхары і госці абласнога цэнтра праспяваюць гімн разам. А роўна ў 23:00 неба над Віцебскам расфарбуюць рознакаляровыя залпы святочнага салюту.