Дайджэст культурных навін

7 апреля 2018

Велікодныя традыцыі нашых продкаў, міжнародны фестываль танца і прыгожае мора Айвазоўскага. Падрабязнасці ў нашым культурным аглядзе.

Больш за 300 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны аб'яднаў у Віцебску VIII Міжнародны фестываль танца "Зрабі крок наперад". Традыцыйна ў харэаграфічным спаборніцтве прымаюць удзел не прафесійныя танцоры, а будучыя тэхнолагі, урачы, юрысты. За тры дні студэнты паказалі сябе у розных танцавальных стылях: мадэрн, джаз-мадэрн, шоуданс, джазфанк. Адным з самых яскравых момантаў танцавальнага марафону стаў дэнс-батл па-беларуску. Гран-пры фестывалю атрымаў танцавальны калектыў БНТУ.

"Зрабі крок наперад" - гэта не толькі танцавальны батл. Удзельнікам фестываль запомніцца майстар-класамі і цікавымі сустрэчамі з вядомымі харэографамі.

Прыгожае мора на малюнку. Асабліва калі гэта мора Айвазоўскага. Мастацкі музей Беларусі аднавіў выставачны праект знакамітага марыніста. Спецыяльна да адкрыцця экспазіцыі зрабілі рэстаўрацыю самай вялікай карціны пад назвай "Бура". Гэта палатно аўтар напісаў за рэкордна кароткі тэрмін. Пад уражаннем трагедыі на параходзе, калі з каманды выжыў адзін матрос. Увогуле, драматычныя і ў той жа час рамантычныя сюжэты Айвазоўскага адрозніваюцца колерам, рэалістычнасцю і аб'ёмам. Празрыстыя хвалі вось-вось апырскаюць гледача.

Калекцыя Айвазоўскага - своеасаблівая марская энцыклапедыя. Побач з аўтарам - у суседніх залах - свой погляд адлюстравалі і іншыя марыністы таго часу - Багалюбаў, Сяроў, Дуброўскі.

Заўтра праваслаўныя хрысціяне ўсяго свету адзначаць галоўнае і самае ўрачыстае свята царкоўнага календара - Уваскрэсенне Хрыстовае. Гэты важны для вернікаў дзень завяршае строгі пост. Сёння, у Вялікую суботу, паводле традыцыі, праваслаўныя беларусы ідуць у храмы, каб асвяціць святочную ежу: кулічы і пафарбаваныя яйкі. А заўтра за велікодным сталом будуць гучаць словы "Хрыстос Уваскрэс!". Любімай забаўкай нашых продкаў на Вялікдзень была гульня ў біткі: правяралі, чыё яйка мацнейшае. Акрамя таго, у некаторых рэгіёнах любілі катаць яйкі. Увечары па хатах хадзілі валачобнікі і спявалі велікодныя песні.