Колькасць аварый падчас снегападаў павялічваецца

22 января 2018

У зводках ДАІ прычынамі сутыкненняў часцей за ўсё становяцца няправільны выбар хуткаснага рэжыму і дыстанцыі. Аляксандр Харавец пра тое, як кіраваць аўтамабілем на слізкіх вуліцах.

У тэорыі кожны вадзіцель і нават пешаход ведае, чым небяспечная слізкая дарога. На практыцы не заўсёды ўсё так, як у падручніках. Вось і Любоў Трапашка на працы кожны дзень "па форме". Аднак нават за рулём службовага аўтамабіля інспектар ДАІ становіцца звычайным вадзіцелем. І за 15-гадовы стаж не раз магла трапіць у сур'ёзныя аварыі на зімовай дарозе, аднак выратоўвала прыродная асцярожнасць і вопыт.

Зрабіць паліцэйскі разварот і эфектна вывесці машыну з заносу для Дзмітрыя Пінчука сёння не складае праблемы. За рулём ён літаральна з юнацтва. Апошнія 8 гадоў свой вопыт перадае курсантам у адной з аўташкол. Кажа, у экстрэмальнай сітуацыі на слізкай дарозе самае складанае - правільна прыняць рашэнне за мінімальны час.

Пры гэтым абавязкова трэба ездзіць на зімовых шынах. А яшчэ назапашваць вопыт. Для гэтага зімой не варта з уласнага аўто рабіць "падснежнік". І адпрацоўваць тэхніку па выхадзе з заносу лепш не на гарадскіх вуліцах, а на спецыяльных пляцоўках.

І ўсё ж галоўнае на любой дарозе і для любога вадзіцеля - трымаць дыстанцыю да аўтамабіля, які едзе наперадзе, і быць максімальна ўважлівым. Не лішнім будзе прытрымлівацца і народнага правіла 3Д - дай дарогу дурню. І тады, сцвярджаюць спецыялісты, любая паездка абавязкова скончыцца паспяхова.