Чатыры самыя буйныя канфесіі Беларусі падпісалі зварот аб міры

21 декабря 2020

Гэты тыдзень адзначаны пачаткам калядных і навагодніх святаў. Сімвалічна, што менавіта ў гэты час чатыры самыя буйныя канфесіі Беларусі аб'ядналіся, каб падпісаць зварот аб міры. У ім, у прыватнасці, гаворыцца:

"Адзіным для ўсіх рэлігій з'яўляецца паняцце міру і любові да блізкага. Значыць ва ўсіх нас, такіх розных, ёсць агульнае, што можа дапамагчы ўбачыць у нядобразычліўцы або варагуючым супраць нас не ворага, а блізкага. Дабрынёй і любоўю да Бога, яднаннем сеецца мір на зямлі, але перш ён пасяляецца ў адкрытым і чыстым ад граху сэрцы асобнага чалавека.

Мудрасць нашых продкаў вучыць нас жыць з малітвай да Бога, з павагай да бацькоў і старэйшых, з клопатам аб дзецях і маламаёмных, з павагай да блізкага і любоўю да нашага агульнага дома".

Кіраўнікі чатырох канфесій заклікалі да даравання і прымірэння; забыць крыўды і прадоўжыць будаваць наш агульны дом зноў і разам. Падпісалі зварот Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веніямін, апостальскі нунцый, архіепіскап Антэ Ёзіч, старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі муфтый Абу-Бекір Шабановіч і галоўны рабін Аб'яднання іудзейскіх рэлігійных суполак Дойч   Шнэер Заламан.