Чарнобыль праз 32 гады: сведкі і ўдзельнікі падзей сабраліся на вуліцы Ігнаценкі

26 апреля 2018

У 32-ю гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС сведкі і ўдзельнікі тых падзей сабраліся на вуліцы Ігнаценкі: тут увекавечана памяць людзей, якія першымі прынялі ўдар на сябе. Гэта персанал станцыі і пажарныя, іх яшчэ называюць "шарэнгай № 1" - Віктар Кібянок, Уладзімір Правік, Мікалай Ціцянок, Уладзімір Цішура, Мікалай Вашчук і Васіль Ігнаценка. Памяць герояў ушанавалі хвілінай маўчання.

Генадзь Новікаў, старшыня ветэранскай арганізацыі МНС Беларусі: "Для мяне гэты дзень - гэта дзень памяці аб тых падзеях, якія адбыліся 32 гады таму. Мінула столькі гадоў, але яны не сціраюцца з памяці, як і твары маіх калег і таварышаў, з якімі мы арганізоўвалі тушэнне пажараў у зонах адчужэння ў Брагінскім, Нараўлянскім, Хойніцкім раёнах Гомельскай вобласці".

Аляксандр Худалееў, першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі: "Мы паважаем памяць тых, хто сёння не з намі, мы вельмі ўдзячныя тым, хто сёння ў страі. Ужо вырасла новае пакаленне нашых работнікаў, работнікаў органаў, падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, той моладзі, якая сёння прымала ўдзел у гэтым мітынгу, мы ўпэўненыя, што і сёння людзі годныя традыцый нашых папярэдніх пакаленняў і гатовыя выканаць любую задачу, пастаўленую Прэзідэнтам і ўрадам".

Чарнобыльская трагедыя змяніла лёсы многіх беларусаў. Ад наступстваў аварыі пацярпелі каля 2 мільёнаў чалавек, а радыеактыўнае забруджванне ахапіла тэрыторыі, дзе зараз каля паўтара мільёна жыхароў. Дзяржава выдзяляе сродкі на стварэнне годных умоў іх жыцця.