Чым зарыбляюць вадасховішчы, і калі чакаць улову?

28 октября 2016

Каб улоў быў багатым, менш чым за два гады ў вадасховішчы Мінскай вобласці выпусцілі звыш 30 тон рыбы. За восень яе колькасць значна павялічылі амаль у дзесяці вадасховішчах цэнтральнага рэгіёна – сярод іх Плешчаніцкае, Смалявіцкае, Салігорскае і Заслаўскае. Толькі ў Мінскім моры рыбы стала больш на 8 тон – сюды выпусцілі амаль паўмільёна карпаў, шчупакоў і карасёў. Зарыбляюць у асноўным вадасховішчы, якія карыстаюцца папулярнасцю сярод рыбакоў. Дзе ўжо вясной аматараў пасядзець на беразе з вудай чакае багаты ўлоў - ведае Ян Пашкевіч.

Гэтая рыбка-беласнежка - адзіны гадаванец Яўгена Кушкоўскага, якога ён заўсёды пазнае сярод больш чым сямі тысяч маленькіх асятроў-блізнят. Сябе спецыяліст жартоўна называе загадчыкам дзіцячага рыбнага садка – кожны сезон у гэтых ваннах на свет з'яўляюцца некалькі мільёнаў маленькіх самоў, карасёў, таўсталобікаў, карпаў, а з нядаўняга часу і асятроў. У адным акварыуме з мільёна ікрынак вылупліваюцца звыш 600 тысяч малькоў – у дзікай жа прыродзе гэты паказчык наогул не перавысіў бы паўпрацэнта.

Вось у такіх умовах растуць маленькія рыбкі. Іх выпусцяць у вялікія сажалкі, якія належаць рыбгасу. Штогод толькі з рыбгаса «Волма» ў азёры і рэкі выпускаюць звыш паўмільёна рыб. Нядаўна значна павялічылася колькасць падводных жыхароў Мінскага мора – удзельнікі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў разам з валанцёрамі адправілі ў самастойнае плаванне звыш 8 тон карпа, шчупака і карася. А да вясны рыба падрасце яшчэ мінімум у два разы.

Такое вялікае перасяленне рыбы ў Беларусі ладзяць восенню і вясной – калі тэмпература паветра і вады амаль аднолькавая. Гэты працэс для рыбы тады не становіцца ўзрушэннем. Толькі сёлета ў цэнтральным рэгіёне зарыбілі амаль дзясятак вадасховішчаў, сярод якіх Плешчаніцкае, Смалявіцкае і Салігорскае. Першы час рыба будзе прывыкаць да новага месца і асвойваць вялікую прастору - таму яе адлоў строга забаронены. А ўжо вясной новых «перасяленцаў» стане яшчэ больш – маладая рыба ўжо дасць сваё першае патомства.