5 сентября 2014
Адправіцца летам на працу за мяжу, падзяліцца сваімі ідэямі з усёй краінай або атрымаць грант на развіццё ўласнага праекта. Самаму маладзёжнаму грамадскаму аб'яднанню краіны - БРСМ - 12 гадоў. За гэты час саюз паспеў увасобіць у жыццё сотні праектаў, запусціць 2 радыёстанцыі і дапамагчы тысячам беларусаў. Дарэчы, ужо заўтра адкрываюць новую старонку.

Рэпартаж Ксеніі Рабчынскай.

Не ацаніць па годнасці лёгкасць і эканамічнасць новага маладзёжнага партала змогуць хіба што тыя, хто Інтэрнэтам не карыстаюцца зусім. Першы ў СНД мабільны дадатак аб і для моладзі амаль не есць трафік, а шматлікія старонкі і зусім адкрываюцца ў афлайне. У свой дзень нараджэння БРСМ прэзентаваў журналістам мабільную версію сайта Моладзь Беларусі.

А для таго, каб ацаніць новы партал 100 ідэй для Беларусі, мабільны тэлефон не абавязковы. Гэты праект таксама запусцілі сёння. Фактычна, гэта поўны банк распрацовак беларусаў, база дадзеных, дзе сабраныя ўсе заяўкі на конкурс. Тут можна даведацца, якіх ідэй не хапае або знайсці фундатараў для свайго ўжо гатовага праекта.

Алеся Вінік, каардынатар маладзёжнага праекта 100 ідэй для Беларусі, каардынатар дзейнасці ГА БРСМ у інтэрнэт-прасторы: Банк ідэй быў створаны ў першую чаргу для фундатараў, як правіла, яны нашы рэцыпіенты, яны людзі, якія ўкладваюць грошы. Праект можна дапрацаваць, дзесьці яго можна мадэрнізаваць.

Яшчэ адзін праект, які стаў брэндам Саюза моладзі - Добрае сэрца. Ужо ў наступным годзе беларускія валанцёры змогуць адправіцца ў Еўропу, дзе разам з калегамі будуць працаваць у рэабілітацыйных цэнтрах і рэстаўраваць помнікі архітэктуры. Гэта стала магчымым дзякуючы акрэдытацыі БРСМ у Еўрапейскай дабраахвотніцкай службе - заяўку пацвердзілі літаральна напярэдадні.

Яшчэ адна візітная картка самага маладзёжнага грамадскага аб'яднання краіны - студатрадаўскі рух. Сёлета будаўнічую пляцоўку беларускай АЭС аб'явілі маладзёжнай будоўляй. Тут толькі гэтым летам змаглі папрацаваць і зарабіць больш за сотню беларусаў. Усяго ж у гэтым працоўным семестры Саюз моладзі дапамог знайсці працу 47 тысячам студэнтаў.

Ігар Бузоўскі, першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА БРСМ: Студэнцкія атрады пацвердзілі сваю рэальную неабходнасць для моладзі, гэта адзін з прыкладаў, які сёння можна назваць. І, ведаю сапраўды, гэта таксама сімвал, які мы прынялі, і аддаваць не збіраемся.

А вось іншы сімвал - білет Саюза моладзі - да 12-годдзя вырашылі абнавіць. Зараз гэта яшчэ і банкаўская карта.

Ужо заўтра самае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне краіны запускае новы праект, ён так і завецца Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня. Праект павінен стаць адкрытай дыскусійнай пляцоўкай для дыялогу і абсалютна новых ідэй, прычым пагутарыць тут можна будзе не толькі з аднагодкамі, але і з вядомымі спартсменамі, бізнесменамі і нават палітыкамі.

Плануецца, што праект пройдзе ў некалькі этапаў, першы ўжо ў верасні ва ўсіх рэгіёнах краіны, другі ў абласных цэнтрах, а ўжо ў канцы года самыя актыўныя юнакі і дзяўчаты з усёй краіны сустрэнуцца ў Мінску.