Брэсцкая медыцына. Погляд знутры

30 августа 2019

Запушчаны зваротны адлік і напярэдадні іншай, не менш важнай падзеі. Брэст рыхтуецца адзначыць сваё тысячагоддзе. Чакаецца нямала гасцей. Зрэшты, едуць туды не толькі ў святы. Дзякуючы высокаму ўзроўню рэгіянальнай медыцыны, на экспарце паслуг толькі за мінулы год тут зарабілі каля мільёна долараў. І медыцынскі комплекс Брэста працягвае развівацца.

Расказвае Юлія Грызунт. Лявонцій Ляўчук - жывая легенда медыцыны. Яго медыцынскі стаж 62 гады. Больш за паўстагоддзя з якіх ён працуе ў процітуберкулёзным дыспансеры Брэста. Мужчына вырашыў стаць доктарам пасля таго, як ад сухот памёр яго бацька, і ён сам у 19 гадоў перанёс цяжкую хваробу. Тады стала ясна, што сваё жыццё ён прысвеціць барацьбе са страшнай інфекцыяй. Зараз фтызіятру 87 гадоў і сыходзіць на пенсію ён не збіраецца.

Процітуберкулёзны дыспансер знаходзіцца на вуліцы Медыцынскай. Яна не выпадкова носіць такую назву – тут жа - станцыя пералівання крыві, анкадыспансер, медвучылішча і абласная бальніца. Гэта медцэнтр сусветнага ўзроўню. Тут засяроджана самае сучаснае абсталяванне, а хірургі праводзяць унікальныя для ўсёй краіны аперацыі. Не выпадкова аб бальніцы ведаюць і за мяжой. Летась экспарт медпаслуг цэнтра амаль дасягнуў мільёна долараў. Сёлета,   па планах,   перасягне круглую адзнаку.

Брэст - другі горад пасля сталіцы, дзе пачалі праводзіць трансплантацыі. У 2011 годзе тут, у абласной бальніцы, упершыню перасадзілі нырку. З тых часоў штогод праводзяць каля паўсотні такіх аперацый. З 2013 года тут навучыліся перасаджваць печань. Але і на гэтым дактары не спыніліся. Некалькі гадоў назад у гэтай бальніцы правялі трансплантацыю сэрца.

Хуткая дапамога - сапраўдная школа жыцця для кожнага медпрацаўніка-пачаткоўца. У дзень (толькі на адной станцыі) можа здарацца да 600 выездаў (узімку). Тут працуюць 33 брыгады.

Дарэчы, нядаўна тут адкрыўся кансультатыўны кол-цэнтр. Некаторым пацыентам аказваюць дапамогу па тэлефоне. За месяц да дзевяці сотняў зваротаў. Паводле слоў медыкаў, такая паслуга зрабіла працу ўсяго комплексу брэсцкай хуткай дапамогі эфектыўней. І гэта той выпадак, калі могуць лячыць не толькі лекамі і хірургічнымі інструментамі, але і словам.