Брэсцкая крэпасць-герой праз 80 гадоў з'яўляецца сімвалам ні з чым не параўнальнай гераічнасці

22 июня 2021

Сёння Беларусь адзначае 80-ю гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай - самай кровапралітнай у гісторыі чалавецтва, вераломнай вайны, якая забрала жыцці кожнага трэцяга жыхара нашай краіны. Сёння мы з падзякай успамінаем кожнага героя, кожнага салдата, якія мужна сталі на абарону Радзімы, міру і нашага шчаслівага жыцця. Памятныя мерапрыемствы і акцыі смутку праходзяць сёння па ўсёй краіне.

Кульмінацыя мерапрыемстваў чакаецца ў Брэсце. Менш чым паўтары гадзіны застаецца да пачатку цырымоніі  ў памяць аб подзвігу савецкіх салдат. На сцэне ля Брэсцкай крэпасці ў гэтыя хвіліны завяршаецца апошняя падрыхтоўка. Чакаюцца выступленні зорак эстрады і народных калектываў. Пакуль жа беларусы працягваюць несці кветкі да брацкіх магіл абаронцаў Айчыны. 

Вораг планаваў  захапіць Брэсцкую крэпасць за некалькі гадзін, а яе абаронцы пратрымаліся 32 дні. Усе падзеі той раніцы  да дробязяў узнавілі ў тэатралізаванай пастаноўцы. На досвітку тут пачалася вайна. Цытадэль першай у чэрвені 41-га ўстала  на шляху вокамгненнага наступу і праз 80 гадоў  з'яўляецца для ўсіх сімвалам ні з чым не параўнальнай гераічнасці. Дзякуючы подзвігу абаронцаў яна па праве заслужыла адзінае ў сваім родзе ганаровае званне "крэпасць-герой". 

У кульмінацыі памятных мерапрыемстваў возьме ўдзел  кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка ўскладзе вянок да Вечнага агню і выступіць з прамовай ля сцен цытадэлі. Там жа адбудзецца канцэрт -  прысвячэнне героям. Белтэлерадыёкампанія пачне прамую трансляцыю ў 20:55.