Гісторыя простага хлопца Данііла Аксёнава кардынальна памяняла жыццё цэлай вёскі

3 марта 2019

Маленькі крок прадпрымальніка - вялікі - да матэрыяльнага дабрабыту краіны. Зрэшты, звернемся і да іншага боку нашага жыцця. Адно з відэапытанняў "Вялікай размовы" датычылася хутчэй ажыццяўлення мары.

Данііл Аксёнаў - вучань дзявятага класа звычайнай сярэдняй школы ў Слуцкім раёне. Разам з сябрамі ў закінутым будынку на тэрыторыі саду зрабілі… трэнажорную залу. "Гэта небяспечна і няўзгоднена", - адказалі ў сельсавеце. "Пакіньце дзецям магчымасць займацца спортам", - адрэагавала краіна.

Даручыў звярнуць увагу на сітуацыю і Аляксандр Лукашэнка. Занесці свой невялікі ўклад вырашылі і мы, тэлевізіёншчыкі. На заклік Белтэлерадыёкампаніі адгукнуліся спартсмены, бізнесмены - словам, такога выніку Данііл, напэўна, не чакаў. Пра тое, што і ў жыцці бываюць хэпі-энды, расказвае Аляксандр Харавец.

Хоць яшчэ ўчора ў тое, што жыццё Данііла Аксёнава, як і невялікай вёскі Сорагі ў Слуцкім раёне, рэзка памяняецца, мала хто верыў. А ўсё пачалося з жадання хлопцаў займацца спортам. Вось толькі трэнажорнай залы ў акрузе не было. Але быў закінуты будынак і падручны матэрыял.

Радасць ад заняткаў фітнесам доўжылася нядоўга. Месяц таму трэніроўкі Даніілу прыйшлося перапыніць. А пра самаробную спартзалу - забыць.

Сёння самаробныя трэнажоры: грыф для жыму, брусы, турнік - па-ранейшаму знаходзяцца ў гэтай імправізаванай спартзале. Вось толькі пазаймацца тут не атрымаецца. Уваход наглуха забіты. Закрылі яго з меркаванняў бяспекі. Маўляў, дзеці могуць атрымаць траўму. Вось толькі альтэрнатывы хлопцам, якія ў літаральным сэнсе слова гараць спортам, ніхто не прапанаваў.

Гэтую гісторыю журналісты Агенцтва тэленавін ператварылі ў міні-фільм. А калегі з газеты "Минская правда" падзяліліся з Кіраўніком дзяржавы падчас "Вялікай размовы".

Жыццёвая гісторыя простага вясковага хлопца расчуліла не толькі Кіраўніка дзяржавы. Да рашэння праблемы Данііла падлучыліся як вышэйшыя службовыя асобы краіны, так і неабыякавыя беларусы: бізнесмены, вядомыя спартсмены.

Вадзім Дзевятоўскі нават у шатландскім Глазга, дзе ў гэтыя дні праходзіць чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы, гледзячы на імкненні хлапчука, успомніў сябе ў 15-гадовым узросце.

І не адзін: уладальнікі аднаго са слуцкіх фітнес-клубаў запрасілі хлопца на пробны занятак у іх зале. І якое ж было здзіўленне хлапчука, калі майстар-клас для яго зладзіў услаўлены беларускі штурхач ядра Аляксей Нічыпар. Як і мае быць, трэніроўка нават услаўленага чэмпіёна пачынаецца з добрай размінкі. А затым жым лежма на прафесійнай лаве, прысяданне з грыфам і праца з гантэлямі на біцэпс.

І пакуль у Данііла ішла трэніроўка, на сувязь з нашымі журналістамі выйшлі прадстаўнікі адной з фірм па вытворчасці трэнажораў. Бізнесмены падбіраюць інвентар, на якім змогуць займацца падлеткі ў невялікай вёсцы. Зрэшты, пра гэты сюрпрыз хлопец яшчэ не здагадваецца. І ніяк не чакае, што і Аляксей Нічыпар падрыхтаваў для свайго першага вучня невялікі падарунак.

Не засталіся ўбаку і прадстаўнікі слуцкага фітнес-клуба. Праўда, доўга за 30 кіламетраў ездзіць не прыйдзецца. Мясцовыя ўлады прынялі рашэнне: трэнажорнай зале ў сорагскай школе быць. І гэты той самы выпадак, калі гісторыя аднаго простага хлопца кардынальна памяняла жыццё цэлай вёскі. І магчыма, што менавіта гэты выпадак заахвоціць да заняткаў спортам падлеткаў і ў іншых малых населеных пунктах нашай краіны.