Большасць жыхароў краіны ў першыя дні новага года аддала перавагу адпачынку дома

8 января 2016

Традыцыйна навагоднія праграмы карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод беларусаў, але і сярод іншаземцаў. Здраўніцы, аграсядзібы, экскурсіі па замках, гарналыжныя комплексы і казіно - гэта топ-5 навагодніх прапаноў ад Беларусі. Пра турыстычныя трэнды зімы-2016 раскажа Вераніка Бута.

Беларусы ўсё часцей застаюцца дома і адпачываць з сям'ёй у межах краіны. Тым больш што з года ў год культурная навагодняя праграма толькі пашыраецца. Мінчанам і гасцям сталіцы напэўна спадабаюцца багатая тэатральная афіша, дзіцячыя ранішнікі, розныя цыркавыя паказы і масавыя вулічныя гулянні.

Беларусы могуць сёлета таксама адпачываць у нашых аграсядзібах. Схлынуў паток расіян, запатрабаванасць сёлета на туры ў нашу краіну зменшылася. Нягледзячы на гэта, Беларусь застаецца ў дзясятцы папулярных дзяржаў, дзе свае вялікія навагоднія выхадныя праводзяць расіяне.

Валянцін Цахмейстар, дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый: "Таму што магутная маркетынгавая палітыка расіян "адпачывайце дома", тая эканамічная сітуацыя, нестабільнасць у свеце, розныя абвастрэнні напэўна вымушаюць многіх расіян адмовіцца ад сваіх пераваг. Нашы санаторна-курортныя ўстановы пакуль яшчэ запатрабаваныя, але падзенне попыту ўжо адзначаецца".

І ўсё ж іх загрузка стапрацэнтная, гавораць у Цэнтркурорце. Проста адпачываць у нашых санаторыях больш сталі самі беларусы.

Сярод найбольш запатрабаваных напрамкаў у іншаземцаў - турызм экскурсійны. Кошт тура на 3-4 дні складае ад 3 да 4 мільёнаў. Асобныя кампаніі, якія працуюць па гэтым напрамку, павялічылі летась прыём турыстаў да 50%.

Святлана Ешчанка, начальнік аддзела продажаў РУП "Цэнтркурорт": "Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца Брэсцкая вобласць, наведванне Белавежскай Пушчы. І для дзетак, вядома, цікава наведванне Дзеда Мароза".

Спецыялісты турбізнесу адзначаюць: ці то сусветны крызіс паўплываў, ці то цікавасць да родных славутасцяў узрасла, але падарожнічаць па Беларусі сталі больш. Гэта факт. Хаця заўсёды будуць ахвотнікі зімовыя святы правесці на пляжы. Толькі прыярытэты мяняюцца. Турцыя і Егіпет зараз не ў трэндзе.

Ада Урублеўская, спецыяліст турыстычнага агенцтва: "На экзотыку зараз ідзе працэнтаў 40. Але выбіраюць, як правіла, тую экзотыку, якая далей. Гэта Тайланд, В'етнам нават Куба і Карыбскі рэгіён крыху прадаецца. Гарналыжка - гэта працэнтаў 20, таму што гэта даволі спецыфічны адпачынак, не ўсім падыходзіць, а па ўнутраных расходах для беларусаў дастаткова дарагі. Экскурсійны напрамак займае большую частку - працэнтаў 50-60 ад агульнага попыту".

Навагоднія канікулы лічацца вельмі прыбытковым перыядам для гарналыжных курортаў. У Еўропе зараз яны церпяць страты з-за адсутнасці снегу. Беларусам у гэтым пашанцавала больш. Дарэчы, гарналыжны курорт у Лагойску ўвайшоў у тройку лепшых у краінах СНД, якому аддаюць перавагу турысты з Расіі.