Больш за мільён квадратных метраў жылля плануюць пабудаваць у цэнтральным рэгіёне

11 февраля 2016

Больш за мільён квадратных метраў жылля плануюць пабудаваць у цэнтральным рэгіёне, а гэта як мінімум на ўзроўні мінулага года. План цалкам плануюць выканаць нават ва ўмовах няпростых эканамічных абставін. У першую чаргу пабудаваць кватэры з дзяржпадтрымкай змогуць шматдзетныя сем'і, тыя, хто выхоўвае інвалідаў, а таксама людзі, якія больш за 10 гадоў пражылі ў інтэрнатах.

Антаніна Станкевіч больш падрабязна. Ала Малібошка больш за 10 гадоў пражыла ў заводскім інтэрнаце разам з мужам і двума дзецьмі. А таму сёння з вялікім задавальненнем займаецца такой, здавалася б, маруднай справай як рамонт. Ва ўтульнай трохпакаёўцы для кожнага з сям'і знайшоўся свой куток: здзейсніліся мары і пра сучасную залу, і ліловы дзіцячы пакой, але любімае месца жанчыны – кухня.

Толькі ў Стоўбцах сёлета плануюць пабудаваць з дзяржпадтрымкай 11 тысяч жылых квадратаў. Гэта і шматпавярхоўкі, і прыватная забудова. Першымі на льготныя ўмовы могуць разлічваць шматдзетныя сем'і, людзі, якія выхоўваюць інвалідаў, і тыя, хто пражыў ў інтэрнатах больш за 10 гадоў.

Дарэчы, забяспечанасць месцамі ў дзіцячых садках для некаторых рэгіёнаў вобласці застаецца даволі вострай. Найперш для Мінскага раёна. Але і 17-тысячныя Стоўбцы не выключэнне. Да 1 верасня 2017 года новы дзіцячы садок прыме амаль 200 дашкольнікаў, а потым на чарзе новая школа і парк адпачынку.

Аб'ём капітальнага рамонту жылля ў Мінскай вобласці таксама застанецца як мінімум на ўзроўні мінулага года. Зараз мясцовыя ўлады распрацоўваюць адпаведныя планы на найбліжэйшыя гады. Прыярытэт тым будынкам, якія маюць найбольшую патрэбу ў рамонце. Даведацца, калі падыдзе чарга таго ці іншага дома, можна з паведамленняў у мясцовых СМІ.