Больш за два мільёны кветак высадзяць у Мінску

29 апреля 2020
Да 75-годдзя Вялікай Перамогі прыкметна змяняецца і сталіца. У горадзе завяршаюць мантаж святочнага дэкору, працягваецца і стварэнне квітнеючых упрыгажэнняў. Аб тым, як змяняецца аблічча Мінска гэтай вясной, распавядзе Аляксандра Кавеліч.

Стварэнне вясновага дэкору азеляняльнікі пачалі яшчэ восенню. Менавіта тады, згодна з правіламі, высаджваюць цыбульныя расліны. Гэта нарцысы і цюльпаны, якія ўжо распускаюцца і ўпрыгожваюць гарадскія вуліцы. А хутка іх дапоўняць кампазіцыі з яшчэ двух мільёнаў кветак. 

Кветкі для гарадскога азелянення вырошчваюць у спецыяльных цяпліцах 

Бягоніі, цынерарыі і тагетысы пакуль падрастаюць у вялізных цяпліцах. Тут яны пасяліліся яшчэ зімой. Каб раслінам было камфортна, спецыялісты пастаянна рэгулююць святло, тэмпературу і рэжымы паліву. 

Марыя Рудзько, начальнік цэха сталічнага прадпрыемства: "Больш за 20 відаў кветак мы вырошчваем. Кожны дзень праходзім, правяраем, трэба паліваць, не трэба, падкормліваем".

Сваё месца на гарадскіх клумбах гэтыя кветкі зоймуць крыху пазней, калі ўсталюецца цёплае надвор'е без начных замаразкаў. А пакуль  на глебе з'яўляюцца своеасаблівыя трафарэты, якія хутка запоўняць зялёнымі раслінамі. 

Святочны дэкор з'яўляецца на гарадскіх вуліцах

Дарэчы, большасць кветкавых кампазіцый сёлета прысвяцяць 75-годдзю Вялікай Перамогі. Да знакавай даты на вуліцах сталіцы ўжо з'яўляецца і тэматычнае ўпрыгажэнне. Франтавыя лісты і архіўныя кадры застылі на бігбордах, банэрах і пано.  Самае вялікае па традыцыі  на фасадзе педагагічнага ўніверсітэта. Карціну плошчай 720 квадратных метраў стварылі з 8 тысяч рознакаляровых элементаў. Новы аб'ект хутка з'явіцца і на Кастрычніцкай плошчы.

Мантаж святочнага дэкору завершаць у пачатку мая. Тады ж можна будзе ацаніць і кветкавае афармленне сталіцы.