Бяспеку на II Еўрапейскіх гульнях будуць гарантаваць тысячы праваахоўнікаў з усёй Беларусі

28 мая 2019
Каб маючыя адбыцца Гульні прайшлі ярка, маштабна і - галоўнае -  камфортна і бяспечна, рыхтуюцца ўсе адказныя структуры. Так, спартыўныя аб'екты забяспечаць відэаназіраннем. Плануецца, што ў поле зроку трапіць кожны квадратны метр стадыёнаў і арэн. Сусветны вопыт даказаў: гэта павялічвае эфектыўнасць бяспекі. Як рыхтуюцца да Еўрапейскіх гульняў вартавыя  парадку,  даведваўся Юрый Шаўчук.

На трыбунах сядзяць балельшчыкі, паміж імі пачынаецца спачатку слоўная сварка затым калатнеча. Выбух. Лічаныя секунды, і праваахоўнікі аказваюцца на стадыёне.

Акрамя адпрацоўкі няштатных сітуацый на ўваходзе і на трыбунах, байцы АМАПа змадэлявалі яшчэ некалькі надзвычайных здарэнняў: бойка балельшчыкаў у кафэ, прарыў аўтамабіля. Але, бадай, самым відовішчным і адказным этапам вучэнняў стала вызваленне заложнікаў з захопленага ўмоўнымі тэрарыстамі прэс-цэнтра. 

Бяспеку на II Еўрапейскіх гульнях будуць гарантаваць тысячы праваахоўнікаў  з усёй Беларусі. Дакладную лічбу ў ГУУС Мінска не называюць, бо гэта сакрэтная інфармацыя, але запэўніваюць, што гэтай колькасці супрацоўнікаў хопіць, каб гарантаваць бяспеку на вышэйшым узроўні. Пры неабходнасці дадатковыя сілы ў сталіцу прыбудуць з рэгіёнаў. 

Каб працаваць на міжнародным спартыўным форуме, беларускім міліцыянерам зноў прыйшлося сесці за парту. Да Еўрапейскіх гульняў людзі ў пагонах павысяць веды англійскай мовы на курсах у Акадэміі МУС. 

Першае, на што зважаюць праваахоўнікі падчас уваходу балельшчыкаў на стадыён,  гэта забароненыя прадметы. За доўгія гады на беларускіх трыбунах не адбылося ніводнай бойкі. Петарды, фаеры, дымавыя шашкі сёння пранесці практычна нерэальна. Яшчэ больш увагі  прадметам, якія возьмуць з сабой балельшчыкі на спаборніцтвы, будзе нададзена падчас II Еўрапейскіх гульняў. Гэта і зразумела, бо гэта наша бяспека і імідж краіны. 

Усе забароненыя прадметы будуць канфіскаваныя. Калі ж балельшчык знойдзе іншы спосаб прыцягнуць увагу праваахоўнікаў, на першы раз ён атрымае жоўтую картку. Калі і гэта не дапаможа супакоіць гарачы  нораў дэбашыра, папярэджанне трансфармуецца ў выдаленне. З такой чырвонай карткай балельшчыку будзе закрыты ўваход на спартыўныя аб'екты да канца міжнароднага спартыўнага форуму. 

У залежнасці ад арэны будзе колькасць супрацоўнікаў АМАПа, якія  адказваюць за бяспеку на мерапрыемстве. Сёння матч праходзіць  на адносна невялікім стадыёне ФК "Мінск", таму  колькасць  супрацоўнікаў не перавышае некалькі дзясяткаў. Але, па словах саміх праваахоўнікаў, гэтага дастаткова, каб  гарантаваць бяспеку на вышэйшым узроўні.

Тыя месцы на арэнах, якія застануцца без нагляду міліцыянераў,  так ці інакш будуць пад кантролем. Сёння ў Мінску працуе больш за 2 000 камер відэаназірання. Да пачатку II Еўрапейскіх гульняў гэтая лічба стане яшчэ большай. Плануецца, што кожны квадратны метр спартыўных аб'ектаў можна будзе дэталёва разгледзець у памяшканні дзяжурнай службы мінскай міліцыі. 

24 маніторы будуць трансляваць карцінку не толькі анлайн, але, калі спатрэбіцца, пакажуць відэа, запісанае на серверы. Разгледзець на гэтым запісе можна любую дэталь. Зрабіць гэта дазваляе 30-кратны зум. Ці варта гаварыць, што такое рэаліці-шоу ў некалькі  разоў павялічвае раскрывальнасць злачынстваў. Дарэчы, большасць правапарушэнняў, учыненых падчас мінскага чэмпіянату свету па хакеі, была раскрыта менавіта дзякуючы сістэме відэаназірання. 

Праваахоўнікі абяцаюць, што ўсе спартсмены і балельшчыкі, якія наведаюць II Еўрапейскія гульні, правядуць самыя бяспечныя дні ў сваім жыцці. Але ў сваю чаргу госці Беларусі павінны памятаць і пра некаторыя  абавязкі. Напрыклад, балельшчыкі, якія паселяцца не ў гасцініцах, а ў прыватных апартаментах, павінны самастойна зарэгістравацца ў тэрытарыяльным аддзеле па грамадзянстве і міграцыі. Праігнараваць працэдуру змогуць толькі госці, якія прыехалі не больш чым на 5 дзён, і турысты, якія  прайшлі рэгістрацыю анлайн. 

Анлайн-сістэма паспяхова працуе ў Беларусі з пачатку года. Зарэгістравацца можна на ўвесь тэрмін выдадзенай візы, але пры адной умове: турыст павінен уехаць у нашу краіну праз пункты пропуску дзяржаўнай мяжы. Расіянам і ўсім гасцям, якія прыедуць на Еўрапейскія гульні з тэрыторыі краіны-суседкі, усё ж прыйдзецца наведаць аддзел па грамадзянстве і міграцыі, каб адказаць на некалькі простых пытанняў. 

Плануецца, што II Еўрапейскія гульні наведаюць больш за 4 000 спартсменаў і 30 000 балельшчыкаў. Спецыялісты не без падставы гавораць, што гэта будзе не толькі відовішчны спартыўны форум, але і бяспечны. Як пацвярджэнне таму ўсё той жа чэмпіянат свету па хакеі 2014 года. Згодна з ацэнкамі міжнародных экспертаў, першынство было прызнана адным з самых бяспечных за ўсю гісторыю. Планка на маючую адбыцца Еўрапіяду яшчэ больш  высокая.