Бяспечнае ваджэнне: у Смалявічах прайшоў конкурс на лепшага вадзіцеля школьнага аўтобуса Мінскай вобласці

24 августа 2023

Калі ў салоне самае каштоўнае - маленькія пасажыры. У Смалявічах прайшоў конкурс на лепшага вадзіцеля школьнага аўтобуса Мінскай вобласці. Акцэнт быў зроблены на навыках бяспечнага ваджэння. 22 удзельнікі - пераможцы раённых этапаў конкурсу - у практычнай і тэарэтычнай частках дэманстравалі сваё ўменне круціць руль. 

Каму можна даверыць дзяцей? Разбіралася Карына Гурэвіч.

Вячаслаў Філіповіч за рулём больш чым 30 гадоў. На  школьны аўтобус перасеў усяго 3 гады таму, але ўжо не можа ўявіць сябе на іншай машыне. Прызнаецца: дзеці заўсёды знойдуць чым здзівіць. Але і адказнасць тут немаленькая - трэба бяспечна даставіць кожнага непаседу на ўрокі і назад. Сёлета вадзіцель атрымаў новы сучасны транспарт, і працаваць стала больш прыемна.

Сёння ў Смалявічы з'ехаліся вадзіцелі школьных аўтобусаў з усёй Мінскай вобласці - пераможцы рэгіянальных этапаў. Яны не толькі ўпэўнена кіруюць габарытным аўто, але і адказна ставяцца да сваёй працы. Адзін з этапаў - практычны тур на пляцоўцы з выкананнем прыёмаў манеўравання: змейкай, паркаваннем і пад'ездам да прыпынку. Улічваецца якасць праходжання і хуткасць.

Не менш складаны і адказны тэарэтычны этап. Удзельнікам трэба было адказаць на 20 пытанняў па правілах дарожнага руху і на столькі ж - па перавозцы дзяцей. Такія няпростыя выпрабаванні дапамогуць праверыць, наколькі добра вадзіцелі падрыхтаваныя да новага навучальнага сезона.

Кіраваць аўтобусам няпроста, яшчэ больш складана працаваць на школьным, бо ў салоне самае каштоўнае - дзеці.

Першае месца заваяваў прадстаўнік Салігорскага раёна, другое - Дзяржынскага. А трэцяе месца падзялілі вадзіцелі са Смалявіч і Валожына.

Сёлета амаль 13 тысяч дзяцей будуць падвозіць да школ і дзіцячых садоў Мінскай вобласці. На маршруты выйдуць 300 аўтобусаў.