Беларускі навуковец упершыню ўдастоены высокай узнагароды Расійскай акадэміі навук

18 сентября 2014
Медаль Памяці акадэміка Эмануэля прысуджаецца штогод, пачынаючы з 2007 года, двум расійскім і аднаму замежнаму навукоўцу, а таксама інстытутам.

Пра залаты бляск дасягненняў беларускай навукі рэпартаж Улады Карніцкай.

У гэтай хімічнай лабараторыі ў прамым сэнсе навучыліся абараняць каштоўныя дакументы. Спецыяльныя дабаўкі, якімі апрацоўваецца папера, тут распрацавалі некалькі гадоў таму. Сёння за год ужо вырабляюць каля 12 тон такіх рэагентаў.

А яшчэ вынайшлі гель, які па сваіх уласцівасцях максімальна набліжаны да чалавечай косці. Зараз з яго ў нашай краіне ўжо робяць імплантаты.

І гэта далёка не ўвесь спіс распрацовак, над якімі Анатоль Кулак разам са сваімі калегамі ў хімічных лабараторыях працуе ўжо практычна 40 гадоў. Але галоўнае, гаворыць навуковец, не проста вынайсці, а знайсці канкрэтнае прымяненне сваёй рабоце ў эканоміцы краіны.

Анатоль Кулак, намеснік дырэктара Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі: Першая работа, якая была прымененая на практыцы, гэта была распрацоўка і ўкараненне тэхналогій хуткаснага гальванічнага асаджэння металаў, якая выкарыстоўвалася на шэрагу прадпрыемстваў Беларусі і Расіі.

А зараз менавіта Расійская акадэмія навук сумесна з міжнародным фондам Навуковае партнёрства і Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам адзначылі работы беларускага навукоўца. Прычым у гісторыі нашай навукі такая падзея ўпершыню.

Аляксандр Кільчэўскі, галоўны навуковы сакратар НАН Беларусі: Гэты медаль уручаецца за высокія дасягненні ў галіне фізіка-хімічнай біялогіі і сумежных дысцыплін. Натуральна, гэта сведчанне высокага ўзроўню працы прафесара Кулака і ў цэлым пацвярджае высокі ўзровень даследчыкаў Акадэміі навук і беларускай навукі.

Праўда, пакуль узнагарода свайго героя ў літаральным сэнсе яшчэ не знайшла. Спецыяльна па медаль беларускага навукоўца праз два тыдні камандзіруюць у Расію.

Дыплом і медаль Анатоль Кулак і яго замежныя калегі ўрачыста атрымаюць 1 кастрычніка - у дзень нараджэння акадэміка Мікалая Эмануэля ў Інстытуце біяхімічнай фізікі ў Маскве.