Беларускія вытворцы лекаў анансуюць навінкі айчыннай фармацэўтыкі

23 сентября 2017

Інсулін у картрыджах пачнуць выпускаць у наступным годзе. У 2019 з'явяцца і беларускія прэпараты для лячэння анкалогіі. Пра новыя лекі і рэканструкцыю завода маёй калезе Наталлі Тарасюк распавёў кіраўнік канцэрна "Белмедпрэпараты" Павел Кахавец, дарэчы, Чалавек справы - 2017. Як эфектыўна працаваць у краіне і на экспарт? Рэпартаж з найбуйнейшага фармпрадпрыемства Беларусі.

Як ідуць работы, Павел Кахавец, кіраўнік аднаго з найбуйнейшых фармпрадпрыемстваў краіны, можа назіраць з акна свайго рабочага кабінета. Ён скончыў некалі санітарна-гігіенічны факультэт медыцынскага ўніверсітэта. Выбраў не кар'еру ўрача. Адчуваў, што прызваннем стане менавіта арганізацыя аховы здароўя. Перазагрузіў Нясвіжскі завод медпрэпаратаў. З 2015 у рабочым партфоліа пасада гендырэктара Белмедпрэпаратаў.

Павел Кахавец, гендырэктар РУП "Белмедпрэпараты": "У нас наогул 15 вытворчых цэхаў. Яны ад віду прадукцыі падзяляюцца на класы чысціні. Мы знаходзімся каля бокса разлівання. Тут самая высокая ступень чысціні".

Усё паводле стандарту GMP. З ім прасцей выходзіць і на новыя рынкі. Прэпараты прадпрыемства купляюць у 26 краінах. У асноўным Расія - гэта больш за тры мільёны штомесяц. Палепшыць пазіцыі атрымалася ў В'етнаме, Сірыі, Афганістане, Узбекістане. А новае пагадненне з дыстрыб’ютарамі са Шры-Ланкі дазволіць выйсці і на рынкі Балівіі, Чылі і Аргенціны.

Марына Бясполава, намеснік гендырэктара РУП "Белмедпрэпараты": "Мы разлічваем да канца 2017 - у пачатку 2018 пацвердзіць сертыфікат PICS для нашай супрацьпухліннай вытворчасці і атрымаць падобныя сертыфікаты для пераральных лекавых сродкаў і для антыбіётыкаў для стэрыльнай рассыпкі".

Усяго ў прайс-лісце кампаніі - 372 прэпараты. 168 ідуць на экспарт. Штогод лінейка папаўняецца 10-15 новымі найменнямі. Толькі ў 2016 зарабілі амаль 130 мільёнаў долараў.

Алена Літвінава, начальнік упраўлення інавацыйнага развіцця РУП "Белмедпрэпараты": "Сёлета наша прадпрыемства ўжо асвоіла і пачала здзяйсняць пастаўкі першай айчыннай "Доны". Прэпарат пад назвай "Глюказамін".

Больш у спісе прэпаратаў джэнерыкаў, г. зн. копій, якія валодаюць той жа эфектыўнасцю, што і арыгінальная распрацоўка, але каштуюць нашмат танней.

Менавіта такое абсталяванне дазваляе спецыялістам правяраць, наколькі джэнерык адпавядае арыгінальнаму прэпарату. Усяго ж над даследаваннямі і стварэннем новых лекавых сродкаў у лабараторыях прадпрыемства працуюць каля 90 чалавек.

Такая праца - важкі плюс і эканомія для бюджэту краіны. Апошні прыклад: купляць за мяжой процігрыбковы прэпарат "Варыканазол" стала неактуальна. Спачатку на прадпрыемстве асвоілі выпуск лекаў у выглядзе парашку. Сёлета ён з'явіўся і ў таблетках.

Павел Кахавец, гендырэктар РУП "Белмедпрэпараты": "Да нас прыязджае новая машына. Мы яе замовілі, год вырабляецца. Мы пераходзім у наступным годзе на выраб інсуліну ў картрыджах. Гэта ўжо самая апошняя форма ўвядзення інсуліну".

Наш інсулін у картрыджах пойдзе на экспарт. Да канца гэтага года плануецца завяршыць і рэканструкцыю будынкаў на тэрыторыі завода: кацельні, вытворчых пляцовак. У гэтым будынку як раз будуць выпускаць цытастатыкі для лячэння анкалогіі.