Беларускія дарожнікі ў чаканні зімы

13 ноября 2013

І першы пункт у спісе гатоўнасці - уборка снегу. У гэтым годзе ў Мінску будзе працаваць 47 новых пагрузчыкаў і самазвалаў, усяго расчышчаць сталічныя шашы ад снегу будзе каля 800 машын. А вось снежных звалак у гэтым годзе 16, на 2 больш, чым у мінулым. Яно і зразумела, папярэдняя зіма, мякка кажучы, здзівіла беларусаў. За сезон тады дарожнікі вывезлі паўтара мільёна кубаметраў снегу, гэта амаль удвая больш, чым звычайна. Дарэчы, калі снег ідзе, напрыклад, суткі, то на тое, каб яго цалкам прыбраць з горада, неабходна 4 дні і 4 ночы. Для барацьбы з галалёдзіцай на сталічных вуліцах у дарожнікаў традыцыйная зброя - соль. Праўда, у гэтым годзе з'явілася альтэрнатыва - у эксперыментальным рэжыме дарогі паспрабуюць падсаладзіць.



Анатоль Жамоздзік, намеснік генеральнага дырэктара па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання ДВА Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама:


У нас нарыхтавана 66500 метраў кубічных пясчана-салянай сумесі і больш за 18 тысяч тон солі. Гэтай колькасці дастаткова на ўвесь зімовы перыяд. Сёлета ўпраўленне жыллёвай гаспадаркі працавала з Акадэміяй навук. Акадэмія навук распрацавала такі матэрыял, пакуль мы яго яшчэ не прымянялі. Сёлета плануем на некаторых участках у парадку эксперымента выпрабаваць.


Стан галоўных магістраляў можна ацаніць у рэжыме онлайн. Больш за 60 дарожна-вымяральных станцый працуюць па ўсёй краіне. У Інтэрнэце яны транслююць абстаноўку на дарогах. Акрамя гэтага, на сайце можна даведацца тэмпературу паветра і пакрыцця дарогі, а таксама яе стан, хуткасць ветру, ападкі і бачнасць.