Беларуская медыцына ўпэўненымі крокамі прасоўваецца наперад.

21 мая 2013

Справіцца з хваробай сэрца і папярэдзіць інфаркт. Зараз гэта магчыма. Беларуская медыцына ўпэўненымі крокамі прасоўваецца наперад. Абмяняцца вопытам у сталічную бальніцу хуткай дапамогі прыехалі кардыёлагі з Канады. Разам з беларускімі медыкамі яны правялі 4 сумесныя аперацыі нашым пацыентам, выкарыстоўваючы новы метад.


Што абмяркоўвалі спецыялісты і якую ацэнку замежныя госці далі нашым урачам - у рэпартажы Кацярыны Шыбко. Напярэдадні аперацый спецыялісты з Канады і нашы медыкі літаральна ля ложка кожнага пацыента праводзілі кансіліум. Сёння ў сталічнай бальніцы хуткай дапамогі былі праапераваныя 4 беларусы, якія пакутуюць ад ішэмічнай хваробы сэрца. Кожная аперацыя займае хвілін 40. І калі ўсё праходзіць паспяхова, пацыента могуць выпісаць ужо праз тры дні.
Іван Гарыгаркевіч - адзін з тых, чыя гісторыя хваробы абмяркоўвалася медыкамі адразу дзвюх краін. Рашэнне было прынята адразу - неабходна хірургічнае ўмяшанне. У аперацыйнай беларускія ўрачы працавалі з канадскімі калегамі.
Іван Грыгаркевіч, пацыент: Я вельмі  задаволены. Я разумею, што ўрачы  стараюцца нам дапамагчы і робяць для  гэтага ўсё магчымае.
Каб праблему ўхіліць, выкарыстоўваецца дастатковы новы метад у медыцыне - эндаваскулярны.
Наталля Міцькоўская, загадчыца 3-й кафедры ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага  ўніверсітэта: У 90-95 працэнтаў выпадкаў у аснове ішэмічнай хваробы знаходзіцца парушэнне крывацёку, а  ўзнікае гэта таму, што там  фарміруецца атэрасклератычная бляшка.
У артэрыю ўводзіцца спецыяльнае прыстасаванне, якое пашыраецца там, дзе парушаны крывацёк. І ўсё гэта пад мясцовай анестэзіяй. У Беларусі падобныя аперацыі робяцца даўно. Але вось актыўна гэты кірунак у нашай медыцыне развіваецца толькі апошнія некалькі гадоў.
Віктар Сірэнка, старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама: Не прайшло і пяці  гадоў пасля таго як  адкрыўся гэты корпус, не прайшло і трох гадоў як пачала працаваць лабараторыя эндаваскулярнай хірургіі, і  нашы спецыялісты дасягнулі  нейкіх вынікаў. Для нас гэта вельмі важна.
Медыкі з Канады да нас прыязджаюць практычна кожны год. Бо менавіта яны адны з першых пачалі рабіць падобныя аперацыі пры ішэмічнай хваробе сэрца. І калі пару гадоў таму замежныя кардыёлагі давалі майстар-класы, то зараз калегі абедзвюх краін абменьваюцца вопытам.
Біл Касцюк, прафесар універсітэта Заходняга Антарыа: Першапачатковая  мэта працы кардыёлагаў у гэтай праграме – дапамагчы нашым калегам  у Беларусі  палепшыць свае  навыкі. Але за апошняе 10-годдзе  іх навыкі настолькі палепшыліся, што можна з упэўненасцю сказаць – яны роўныя нашым урачам.
А ўжо заўтра кардыёлагі з Канады наведаюць клінікі Брэста. Бо лабараторыі з неабходным дарагім абсталяваннем, дзе і праводзяць такія аперацыі, зараз ёсць у кожным рэгіёне краіны.