Беларусь апынулася пад уладай маразоў

6 января 2017

Беларусь напярэдадні Раства апынулася пад уладай маразоў, якія звычайна бываюць на Вадохрышча. Днём -27, а ўначы да -32. Снегапады змяніў арктычны холад. Прагнозы Рэспубліканскага гідраметцэнтра адназначныя: у гэтыя дні лепш заставацца ў цяпле. Рэзкае пахаладанне, бадай, спаўна прачулі ўсе: ад вадзіцеляў, урачоў і энергетыкаў да дзікіх жывёлін у лясах.

Прыродным катаклізмам студзеньскія маразы назваць нельга, але прайсці выпрабаванне на трываласць і ўзаемадапамогу яны прымусілі. Якім выдаўся гэты марозны дзень, раскажа Дзмітрый Смірноў. Мінус па Цэльсіі ў гэтыя дні, бадай, мацней за астатніх прачулі на сабе вадзіцелі. Шматлікія яшчэ раніцай не змаглі завесціся, іншыя аўто змерзлі ў дарозе, у некаторых беларусаў наогул не атрымалася даехаць да працы - першая тэхнічная дапамога прыходзіла ад супрацоўнікаў ДАІ.

Раніцай у Мінску ад кароткага замыкання загарэўся аўтобус. Полымя з'явілася ў кабіне вадзіцеля і распаўсюдзілася па салоне. У той час тут знаходзіліся 15 пасажыраў. На шчасце, усе паспелі пакінуць транспарт.

Прычыну іншага аўтамабільнага пажару зараз высвятляюць эксперты. У Мінскім раёне на трасе М1 ратавальнікі тушылі мікрааўтобус. "Фіят" ехаў з боку Брэста і загарэўся проста на хаду. Узгаранне адбылося ў маторным адсеку. Усяго толькі ў сталіцы за суткі зафіксавалі больш за 140 ДТЗ: мароз, як прымячаюць у Дзяржаўтаінспекцыі, не дазваляе расслабляцца за рулём.

Ратаваць аўтааматараў у гэтыя дні даводзіцца часта. Асабліва пры мінусовым знаку тэрмометра рызыкуюць уладальнікі дызельных рухавікоў. У Брэсцкім раёне фуру адагравалі валанцёры Чырвонага Крыжа. А гарачая гарбата стала своечасовай дапамогай для змёрзлага вадзіцеля.

Але нават у гэтым марозным надвор'і можна знайсці пазітыўныя моманты. Дыетолагі дазволілі беларусам не лічыць калорыі.

Узмоцненае харчаванне абавязкова не толькі ў гарадах. Ад снегападаў і рэзкага пахаладання абвастрыўся апетыт і ў лясных насельнікаў. Зубрам, аленям, ланям і нават дзікам пры мінусе 25 егеры складаюць зімовы рацыён з улікам умоў надвор’я.

У дзікіх жывёлін тут паўнавартаснае трохразовае харчаванне. На сняданак, абед і вячэру зубры выходзяць, як арганізаваная экскурсійная група, - усім статкам. Меню, дарэчы, традыцыйнае - сена і некалькі гатункаў збожжа. Кармушкі папаўняюць штодня.

Калі не падкормліваць дзікіх суседзяў, у снежную марозную зіму ім не выжыць.

Што ж датычыцца гарадской інфраструктуры, сённяшні мінус не паўплываў на працу нацыянальнага аэрапорта: авіярэйсы, роўна як і чыгуначная сувязь у Беларусі, выконваюцца згодна з раскладам. Штатны рэжым у марозны дзень захаваўся і ў энергасістэме. Усе адключэнні аператыўна ліквідуюцца. Паводле інфармацыі МНС, сур'ёзных здарэнняў за мінулыя суткі не зафіксавана. І ўсё ж ратавальнікі не рэкамендуюць без неабходнасці, асабліва гэта датычыцца дзяцей і пажылых, выходзіць з дому. Тыя ж, хто змушаны знаходзіцца на вуліцы, павінны выконваць марозны дрэс-код. Ёсць чаго асцерагацца - за мінулыя суткі толькі ў Мінску зарэгістравана каля 20 выпадкаў абмаражэння.

Дарэчы, пра цёплую вопратку. Праведзены журналістамі Агенцтва тэленавін зімовы эксперымент выкрыў адзін футравы міф. Цеплавізар выбраў свой топ марозаўстойлівай экіпіроўкі.

Варта зазірнуць у гардэроб, бо маразы ад нас яшчэ не сыходзяць. У гэтыя выхадныя сіноптыкі прагназуюць -32. Такое надвор'е захаваецца і ў пачатку наступнага тыдня.