Апрабацыя перапісу насельніцтва - 2019

16 октября 2017

Папярэднія вынікі пробнага перапісу ў Маладзечанскім раёне агучылі сёння. На 49 пытанняў адказала больш як 14,5 тысячы як гарадскіх жыхароў, так і вяскоўцаў.

У асноўным пытанні былі зразумелыя насельніцтву. Апраўдала сябе і выкарыстанне планшэтаў. Падрабязнасці ў Антаніны Станкевіч.

Начальнік аддзела перапісу насельніцтва Антон Мучкоўскі паказвае: на экране манітора ўсе зоны горада Маладзечна і раёна, дзе праводзілі пробны перапіс насельніцтва. Зараз спецыялісты пачынаюць апрацоўваць атрыманую інфармацыю. Спачатку ўсе звесткі захаваюць на спецыяльным серверы, пасля чаго інфармацыя апрацуецца ў аўтаматычным рэжыме. Такім чынам, на першым этапе цалкам выключаецца чалавечы фактар.

Пробны перапіс насельніцтва доўжыўся два тыдні. Маладзечна і раён абралі невыпадкова. Гэтая мясцовасць - своеасаблівая трэніровачная пляцоўка: менавіта тут шырока прадстаўлены ўсе катэгорыі насельніцтва. Такім чынам спецыялісты могуць адпрацаваць усе нюансы.

Падчас пробнага перапісу беларусам прапанавалі адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку і пра пол, узрост, крыніцы заробку. Спецыялістам не патрэбны пашпарт і нават прозвішча - дастаткова толькі імя. Апытанне цалкам ананімнае і патрэбна толькі для сухой статыстыкі. Упершыню, дарэчы, перапіс насельніцтва правялі з дапамогай электронных гаджэтаў. Гэта дазволіла сэканоміць час і запаўняць перапісныя лісты ў тры разы хутчэй.

Згодна з рэкамендацыяй ААН, перапіс насельніцтва ў Беларусі праводзіцца раз за 10 гадоў. Статыстычныя звесткі, якія атрымліваюць падчас працэдуры, дазваляюць рабіць пэўныя прагнозы па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.

Усяго ж у пробным перапісе насельніцтва прынялі ўдзел больш за 14 тысяч чалавек, а вось адмовіліся адказваць на пытанні 248. Гэта менш за 2% апытаных. Усеагульны перапіс пройдзе ў Беларусі праз два гады.