Акцыя Нашы дзеці ў Гродзенскім абласным доме дзіцяці

27 декабря 2013
Свята ў кожны дом… Сёння Гродзенскі абласны дом дзіцяці напоўніўся не толькі дзіцячым смехам і шумам навагодняга карнавала, але і каштоўнымі падарункамі ад спонсараў. Акцыя Нашы дзеці тут прайшла з сапраўдным размахам. Гродзенская тытунёвая фабрыка Нёман прывезла не толькі прысмакі і мяккія цацкі, але і сертыфікат на 100 мільёнаў рублёў.

З падрабязнасцямі Наталля Кезік.

Да навагодняга ранішніка яны рыхтаваліся загадзя - выбіралі касцюмы сняжынак, мядзведзяў і гномікаў. Але самыя адказныя для Дзеда Мароза вывучылі танец.
На ранішнік сёння трапілі толькі самыя дарослыя - двух- і трохгадовыя малышы. У абласным доме дзіцяці зараз жывуць 87 хлопчыкаў і дзяўчынак, усе яны не старэйшыя за тры гады. З Новым годам і Раством іх прыехалі павіншаваць супрацоўнікі Гродзенскай тытунёвай фабрыкі Нёман і абласной мытні. І як прынята, не з пустымі рукамі, а з падарункамі.

Сертыфікат на 100 мільёнаў рублёў, падарункі і прысмакі...
А каб свята дзецям запомнілася надоўга, супрацоўнікі Гродзенскай абласной мытні ў госці прыехалі разам з артыстам. Ён здолеў зарадзіць добрым настроем не толькі дзяцей, але і дарослых.

Падораныя грошы ў доме дзіцяці выдаткуюць на рэканструкцыю ізалятара, закупяць новае абсталяванне і мэблю. Між тым пажаданне моцнага здароўя ў Новым годзе стала самым дарагім сярод усіх падарункаў.