Акцыя "Нашы дзеці" сабрала паўтары тысячы сталічных школьнікаў у гарадскім цырку

27 декабря 2016

Кругаварот цудаў, дабра і радасці... Паўтары тысячы сталічных школьнікаў сустрэліся сёння ў гарадскім цырку падчас навагодняга падарожжа па казачнай краіне. Сярод запрошаных гасцей – выдатнікі, юныя навукоўцы, пераможцы алімпіяд, дзеці са шматдзетных сем'яў. Свята асаблівае -  праходзіць у рамках  дабрачыннай акцыі  "Нашы дзеці". Захапляльныя нумары гімнастаў, кенгуру-баксёры і фокуснікі - у матэрыяле Аляксандры Драгун. 
Антон Даніленка цяпер заўсёды з сабой носіць... святочную ёлку! Гэта яго аўтарскі экаварыянт навагодняга сімвала. За пяць дзён змайстраваў кампазіцыю з дрэва і дроту, каб трапіць на раённае спаборніцтва. За крэатыўную «зялёную» ідэю атрымаў запрашэнне на галоўнае гарадское навагодняе свята. 
Больш за 180 кіламетраў пераадолела гэта вучаніца са сваёй настаўніцай, каб трапіць на навагодняе шоу. Хоць і прыехалі ў Мінск з літоўскай сталіцы - размаўляюць на нашай мілагучнай мове. Кажуць, іх гімназія - адзіная беларускамоўная. 
Навагодні спектакль ў Белдзяржцырку стаў традыцыйным падарункам для маленькіх мінчан. Сёлета паўтары тысячы запрашэнняў знайшлі сваіх адрасатаў. Дарэчы, у зале сабраліся невыпадковыя гледачы.
Сёння па звычайным квітку на гэта прадстаўленне трапіць не атрымалася б. Яно - не для ўсіх дзяцей. Сярод запрошаных гасцей – выдатнікі адукацыі, юныя навукоўцы, пераможцы алімпіяд, дзеці са шматдзетных сем'яў. З навагоднім настроем адправіліся ў двухгадзіннае падарожжа па казачнай краіне.
 Дарэчы, сюжэт гэтай тэатралізаванай казкі, якую «расказваюць» артысты цырка, не сустрэнеш ні ў мультфільме, ні на старонках кніжкі. У спектаклі пераплятаюцца розныя жанры – ад жартаўлівай клаўнады да захапляльнага экшэна пад купалам. 
Навагодні спектакль – інтэрактыўны. Дзеці дапамагаюць галоўным героям у барацьбе за дабро, спрабуюць разгадаць хітрыкі  фокуснікаў і бяруць майстар-класы ў кенгуру-баксёра.